Канадцаў агітуюць шукаць жонак у Гродне
Створанае ў 2007 г. агенцтва MyPartnerForever спецыялізуецца на арганізацыі шлюбных кантрактаў паміж канадцамі і “рускімі” жанчынамі.
Як вынікае з распаўсюджанага днямі прэс-рэліза фірмы, нядаўна агенцтва заключыла дамову пра супрацу з “рускім шлюбным агенцтвам Маі з Гродна”.
Выбар партнёра канадцы патлумачылі тым, што ў Гродне “прапорцыі жанчын да мужчын складаюць 5:1” (рэальна жанчыны складаюць каля 54% насельніцтва Гродна – рэд.) і таму гарадзенкам цяжка знаходзіць сабе мужоў на радзіме.
Другая прычына – надзейнасць партнёра. Сапраўды, шлюбнае агенцтва “Гіменэй” (менавіта яно маецца на ўвазе ў прэс-рэлізе) мае багаты досьвед працы на “шлюбным” рынку. Створана яно было яшчэ ў 1996 г.
Штогод паслугамі агенцтва, якім кіруе Мая Чыркова, карыстаецца некалькі соцен гарадзенак.
Па словах адной з уладальніц канадскага агентцва Юліі Кунеявай, партнёрства з “Гіменэем” дазволіць забяспечыць прысутнасць сваіх інтарэсаў ва ўсіх кутках Беларусі.
Перад тым, як заключыць дамову аб супрацы, канадцы ўважліва вывучылі сістэму працы і дакументацыю “Гіменэя”, “каб упэўніцца ў надзейнасці партнёраў“.
“Мы ўпэўнены, што многія нашы кліенты змогуць ажаніцца на жанчынах з Беларусі” – перакананая сп-ня Кунеява.
“З канадцамі мы актыўна працуем ужо каля года. Дарэчы, Юлія Куняева – гэта наша былая кліентка. Не ведаю, чаму нашыя канадскія партнёры толькі зараз распаўсюдзілі гэты прэс-рэліз. Магчыма, проста распачалі новую рэкламную кампанію” – пракаментавала “Твайму стылю” інфармацыю сп-ня Чыркова.