Кракаў: дух свабоды і гісторыі

| Без катэгорыі

Кожны горад прывабны па-свойму ўікальнай гісторыяй, архітэктурай, атмасферай. А пабываць у горадзе, дзе быў адкрыты адзін з першых універсітэтаў у Заходняй Еўропе, які быў пяць стагоддзяў сталіцай Польшчы, дзе адбывалася каранацыя каралёў Рэчы Паспалітай, дзе вучыўся наш першадрукар, дзе жыў Ян Павел ІІ, дзе пахаваны беларускі паэт Алесь Гарун і польскі мастак Ян Матэйка…Можна лічыць сапраўднай удачай. Вядома, я была ў Кракаве.

alt=”Кракаў” sub=”Кракаў” >

Трапіўшы туды, я адразу адчула водар гісторыі. Старажытныя гмахі, велічныя касцёлы, а іх там каля двухсот, проста зачароўваюць сваёй непаўторнасцю і гістарычнасцю, натхняюць і амаль адрываюць ад зямлі.

 

Прычым, нельга выдзяліць асобныя будынкі – усе яны суцэльнай сцяной узвышаюцца па абодва бакі вуліцы.

   

Вулачкі нешырокія, ледзь можна размінуцца дзвюм машынам. У старым горадзе не існуе паняццяў тратуар і праезджая частка – пешаходы ходзяць проста пасярод дарогі, зрэдку саступаючы машыне.

 

У Кракаве вельмі цікава спалучаецца мінулае з сучаснасцю: на сценах старых дамоў красуюцца рэкламы рознага кшталту (пра канцэрты, выставы і розныя паслугі), надпісы, графіці… Ды ўвогуле, цяжка там знайсці незанятае месца на сценах, вось што значыць канкурэнцыя!

На самай буйной сярэдневечнай Рынкавай плошчы ляжыць постмадэрновая галава, якую не абмінае ні адзін турыст.

Сэрца гораду – Вавельскі замак, які хоць і відазмяніўся за некалькі стагоддзяў свайго існавання, аднак не страціў сваёй велічнасці. Ён дазволіў мне дакрануцца да эпохі каралёў і адкрыць дзверы даўніны. Кожны замак мае свае легенды, прывідаў, а Вавель мае цмока. Па паданні, раней горад называўся Вавель, і там пасяліўся цмок, які еў маладых дзяўчатак. Ніхто не мог адолець яго, але пазней знайшоўся адважны шавец Крак. Ён даў яму з’есці авечку з перцам, пасля чаго цмок піў і піў ваду з Віслы аж пакуль не лопнуў. З яго скуры Крак пашыў сабе боты.

Жыхары Кракаву памятаюць пра тую пачвару, таму і паставілі яго каменную копію на Вавелю, з роту якой перыядычна вылятае полымя.

 

Як сімвал вернасці і адданасці пастаўлены помнік сабаку, які доўгі час чакаў на адным месцы свайго гаспадара, загінуўшага ў баі.

 

Незвычайнасць архітэктуры падкрэсліваецца неардынарнасцю людзей. Выпадкова мне прыйшлося назіраць за студэнцкай дэманстрацыяй. Студэнты сабраліся пад вокнамі рэктарату, каб выказаць свой пратэст супраць увядзення платнага курсу. За пратэстуючымі спакойна назіралі паліцыянты і журналісты, якім па заканчэнні акцыі падзякавалі актывісты, і ўсе спакойна разышліся па сваіх справах. Адразу ў галаве ўзнікла думка: а што было б у нас за такое выступленне?

 

Паглядзець усе цікавыя месцы ў Кракаве за тры дні мне не ўдалося, але горад гэты я назаўсёды запомню з-за яго ветлівых, гасцінных і добразычлівых жыхароў, непаўторных сярэдневечных вулачак і духу свабоды і гісторыі.

Фота аўтара