Гарадзенскія прыцемкі з катамі ў фоне

|

Аўтар самага незразумелага блогу на «Нашай Ніве» – Сяргей Астравец – гранічна шчыры, надзвычай адкрыты ў сваіх тэкстах. Ён дазваляе нам прайсціся па вуліцах свайго гораду, зайсці ў сенцы свайго светапогляду, заглянуць у старую драўляную шафу сваёй творчасці.

 

Здалёк пазнавальны на вуліцах насіцель пышных вусоў і шавялюры, быццам стары хіпан, дыназаўр неіснуючых папяровых выданняў. Чалавек з густам. Эстэт – падкрэслена піша тарашкевіцай. Яго апавяданні, быццам паштоўкі, запомненыя краявіды, тэлеграмы: з Горадні, Грунвальду, Адрыятыкі, Усходняй Нямеччыны…

 

Найноўшая кніга – «Каты Ёзафа Ратцынгера» – гэта арганічны працяг папярэдніх кніг аўтара. Як і ў «Кактэйлі…», гэта збор апавяданняў, нататак, нарысаў з гораду над Нёманам, старадаўняга Garten, які аўтар адчувае як мала хто. Але не толькі адсюль: ёсць і экскурс у дагарадзенскае мінулае, у сталіцу, за мяжу.

 

Кароткія, дынамічныя апавяданні-падзеі, гратэскныя апавяданні-дыялогі, у асноўным пра закасцянелых чыноўнікаў, апавяданні-роздумы, з касцёльнымі вежамі і прэзідэнцкімі выбарамі ў фоне. Астравец – майстар кароткай формы са сваім адметным, пазнавальным стылем. Адначасова, нельга не папярэдзіць пра пэўную манатоннасць у форме і змесце, монатэматычнасць. Аўтар не стамляецца паказваць нам наш нацыянальны каўтун, не саромеецца сваіх усходніх фобіяў ці мілых паланізмаў у тэкстах – вядома, ён жа гарадзенец, хай сабе і некарэнны.

 

Назва, традыцыйна ўжо, уводзіць у зман: у папярэдняй кнізе – «Кактэйль Молатава» – не было кактэйляў, у гэтай – толькі адзін сіямскі кот Базыль і адзін Папа Рымскі Бенедыкт на амаль 250 старонак. Яны эпізадычныя героі, сімвалы ці, хутчэй, мімавольныя сааўтары.

 

Старэйшыя чытачы знойдуць тут настальгічныя, але не надта вясёлыя ўспаміны з часоў скону Краіны Шчасця і першых гадоў незалежнасці, смярдзючыя Ікарусы і дэфіцыт. Маладзейшыя – цікавосткі з нядаўняга мінулага, якое можа падавацца ім калі і не фантастычным, то напэўна незвычайным. З маіх назіранняў у Польшчы: «Мама, а праўда, што калісці ў Аўшоне на паліцах быў адно толькі уксус?» – пытаецца на вуліцы хлопчык.

 

Вышукванне ці нават адшыфроўванне асобаў, падзеяў, месцаў, пра якія Астравец амаль ніколі не піша наўпрост – асалода для чытача. Асабліва пры добрай каве, якой, згодна з кнігай, так не хапала аўтару ў дзевяностыя.