Маладзёны нелегальна абдымаліся на вуліцы Савецкай

|

Сабраўшыся ў цэнтры горада і ўзбройўшыся плакатамі з надпісамі “Давайце абдымацца” ці “Free hugs”, каля дзесяці хлопцаў і дзяўчат накіраваліся на вуліцу Савецкую. Яны прапаноўвалі мінакам шчырыя і бясплатныя абдымкі.

 

Як распавяла ўдзельніца і арганізатарка акцыі Таццяна, першай рэакцыяй быў шок, але пасля людзі абдымаліся і сапраўды радаваліся. Некаторыя з іх акурат у той дзень святкавалі Дзень народзінаў, таму падарунак ў выглядзе нечаканых абдымкаў быў вельмі дарэчы. Вядома, на прапаову абняцца адгукаліся ў асноўным маладыя хлопцы і дзяўчаты.

 

Не паспелі “Free Hugs” ашчаслівіць недзе два дзясяткі чалавек, як прыйшлі тыя, хто быў цалкам супраць такой з’явы як абдымкі. Гэта былі міліцыянты. Не ў надта ветлівай форме яны паведамілі арганізатарам акцыі, што на такую справу ў іх няма дазволу, таму трэба “зварочваць лавачку”.

 

Таццяна і каманія былі вельмі непрыемна ўражаныя непрыязнымі паводзінамі міліцыянтаў. Таму цяпер на будучыню такіх акцый не плануюць, прынамсі, не ў цэнтры горада.

 

Першая ў свеце акцыя пад назвай “Free Hugs” адбылася ў Сіднее, калі адзін чалавек, Жуан Ман, быў у адчаі і не меў ніякай падтрымкі. Ён выйшаў з такой шыльдачкай “Free Hugs” (“Абдымкі – бясплатна”) на скрыжаванне. Там ён напаткаў людзей, якім таксама было цяжка і адзінока, яны абдымаліся і на іх вуснах з’яўлялася ўсмешка.

 

Фота “Free Hugs”