Хібіны, дзе не заходзіць сонца. Частка 2

| Без катэгорыі

«Няветлівая халодная краіна, часткова гарыстая, часткова плоская (на ўсходзе), пакрытая лясамі, балотамі і тундрамі» – у такім аптымістычным тоне адна дарэвалюцыйная энцыклапедыя апісвае Рускую Лапландыю – сённяшні Кольскі паўвостраў. Да канца ХІХ ст. яго насельніцтва складала менш за 10 тысяч чалавек, а першая чыгунка пачала будавацца толькі ў 1914 г.

 

Увечары 1 ліпеня сядаем у цягнік на Менск. Раніцай – перасадка на мурманскі састаў. Ехаць застаецца двое сутак… Расія сустракае нас высокім ясным небам, паваленымі слупамі электраперадач, бясконцымі баршчэўнікамі. Мінаючы некаторыя вёскі здаецца, што яны адчулі на сабе нядаўнюю бамбёжку: апусцелыя хаты, развалы апаленых бярвенняў, сельскія клубы з прабітымі дахамі… Сум і крыўда бярэ за душу. Запаўнач прыбываем у Ноўгарад. Стаянка – 99 хвілін, за якія трэба паспець паглядзець горад.

Дзядзінец (крэмль) XV ст. уражвае сваёй веліччу. Быццам з часу яго пабудовы нічога не змянілася. Якая-кольвек яго вежа, нейкім цудам перанесеная на Беларусь, хутчэй за ўсё папоўніла б спіс галоўных архітэктурных помнікаў краіны. За мостам на невялічкім акрайку зямлі прытуліліся цэркаўкі ў старажытнарускім стылі – равеснікі нашай Каложы. Белёныя сцены на фоне цёмна-сініх хмараў, белая ноч, падзяліўшая неба папалам, адсутнасць людзей – усё гэтае стварае нейкую цудоўную карціну, якая не можа пакінуць абыякавым… Толькі на беразе Волхава падпітыя рускія хлопцы выпіхваюць загнаную амаль у ваду легкавушку. Што ж, поспехаў!

 

Прачынаемся ўжо ў Карэліі. Петразаводск, Мядзвежагорск, Кемь… Камяні, азёры, вяленая рыба ў латочнікаў на перонах. Колькасць азёраў прымушае задумацца, чаго тут больш: зямлі ці вады? Часам здаецца, што завілісты пас зямлі з парай хатак вісіць у паветры паміж небам і люстраной воднай гладдзю. Аднак і гэты край застаецца за спіной – перад намі Кольскі.

 

Раніцай трэццяга дня вылазім у Апацітах. Перасадка, і мы ў Імандры – невялікім пасёлку на беразе аднайменнага возера. Тыповы пасёлак без будучыні: палова хат пустуе, другая палова канчаткова апусцее год праз дзесяць… Лёша (наш кіраўнік), які тут бываў не аднойчы, расказвае цікавую гісторыю. Калі, пару год таму, камусьці з групы раптам спатрэбіўся абутак і прыйшлося выходзіць на кантакт з мясцовым насельніцтвам, у полі іх зроку аказаўся хлапец год дванаццаці. Лішніх ботаў у яго не было, аднак за акрэсленую суму (разлік ішоў на бутэлькі водкі) прапанаваў спачатку сваю бабулю, а потым і сястру. Выявілася, што маладога «бізнэсоўца» маскоўскія бацькі «саслалі» на лета да бабулі, дзе той і знайшоў скарыстанне сваім «талентам». Гэта рэальнасць Запаляр’я.

Ну, нарэшце горы. Хібіны – самыя высокія горы ў Расіі за палярным колам. Вышэйшая адзнака – 1200 м. Гэта невялікія, але сапраўдныя горы з пакатымі пераваламі, вяршыневымі плато, скальнымі абрывамі, сыпучымі, скалістымі альбо травяністымі схіламі. Гэта найстаражытнейшыя горы ў Расіі, іх геалагічны ўзрост – каля 350 млн. гадоў. Разынкай паходу ў Хібіны можа быць палярны дзень, палярная ноч, паўночнае ззянне, чаго не сустрэнеш ні ў Карпатах, ні ў Альпах.

Калі пейзаж Карэліі нагадвае дэкарацыі да фільму «Зязюля», то хібінскі ландшафт наводзіць на думкі пра «Востраў» П.Лунгіна. Па меры пад’ёму, калі тайга змяняецца шэрымі камянямі і лішайнікамі, ты трапляеш у цалкам асобны сусвет. Паняцці часу і прасторы губляюцца. Ты бачыш след на «сыпухе» (дробнае каменне на схілах) і не ведаеш, заставілі яго ўчора ці месяц таму. Ты глядзіш на закручаную вятрыскам бярозу ў чалавечы рост і ня можаш зразумець: дваццаць ёй, пяцьдзесят ці дзвесце год. Сядзеш, часам, на курумніку і здаецца, што да перавальнага сядла рукой падаць, пару хвілін хады, а потым караскаешся добрую гадзіну… (наогул, горы прывучаюць вымяраць адлегласці не кіламетрамі, а гадзінамі хады). Тут не прынята спяшацца. Тут няма канкурэнцыі: імхі, выкручаныя дрэвы, скалы – месца хопіць для ўсіх. Прыгожа? Канешне, прыгожа. Толькі спачатку не ведаеш, што з усёй гэтай прыгажосцю рабіць. Фатаграфаваць? Замалёўваць? Імкнуцца запомніць? Нічога, да ўсяго з часам прызвычайваешся, нават да прыгажосці.

 

Да палярнага дню, напрыклад, прызвычаіцца лёгка, цяжэй на зваротным шляху зноўку прызвычаіцца да ночы («Чаго гэта раптам цёмна стала?»). Чытаць ці шыць можна ў любую гадзіну сутак. Надвор’е ў гарах усталёўваецца звычайна на пару дзён, затым непазбежна змяняецца. Калі сёння свеціць сонца і дзме лёгкі вецярок, не факт, што ўначы не пачнецца залева, а з раніцы ты не прачнешся ў хмары, з бачнасцю ня больш за 50 м. У сувязі з гэтым, плануючы маршрут, абавязковы след вылучаць пару рэзервовых дзён на выпадак непагадзі.

Гара Партамчорр (1081 м) у перакладзе з лапарскага – «гара добрых кармоў». Толькі там мы сустрэлі дзвух тлустых зайцаў і пару перапёлак. Часамм трапляліся сляды мядзведзяў, ноччу вылі ваўкі. Лемінг – адзінз з сымбаляў Лапландыі, у т.л. і Хібінаў. Рудаватыя грызуны, нагадваючыя хамякоў, вядомыя сваімі масавымі суіцыдамі, калі пакліканыя невядомым імпульсам бягуць да вады і тонуць. Звычайна іх вельмі шмат, але на гэты раз мы знайшлі ўсяго некалькі мёртвых цельцаў: магчыма зіма была занадта халоднай. Для грыбоў ды ягад мы прыехалі занадта рана – тут яны пачынаюцца ў жніўні, з надыходам ночаў і паўночным ззяннем. Але набыць ягады (у т.л. паўночны далікатэс – марошку) магчыма было ў часе прыпынкаў у Карэліі, дзе клімат значна мягчэйшы.

Хібіны – улюбёнае месца талкіеністаў. То тут, то там сустракаюцца канцэнтрычныя колы-лабірынты з камянёў, тапорна зробленыя шлемы, накаленнікі, тарчы. Мясцовыя казачныя пейзажы маглі б паспаборнічаць з Новай Зеландыяй за права стаць здымачнай пляцоўкай для «Уладара пярсцёнкаў». Тут вам і «Шэрыя горы», і «Багны Морыі»… Хаця наўрад ці хто пусціў бы сюды галівудскую здымачную групу, улічваючы маштабы сканцэнтраванай на паўвостраве «абаронкі»: ракетныя базы, базы падводных лодак, аэрадромы… Цікава, што ў гары Каэльпор (недалёка ад выратавальнай станцыі) у часы Саюзу двойчы праводзіліся ядзерныя іспыты (спрабавалі дабываць пароду з дапамогай «найноўшых тэхналогій»). Сляды штольняў, у якія закладаліся зарады, можна заўважыць на схіле і сёння.

 

Лапландцы пакінулі пасля сябе ня толькі назовы рэк і перавалаў, але і некаторыя паданні. Напрыклад, пра Юм-якор – «Цясніну мёртвых». Некалі шведскія вікінгі моцна дапякалі мясцовым рыбакам сваімі набегамі і рабаўніцтвам. Падчас аднаго з набегаў, атрад авантурнікаў увайшоў у цясніну, дзе пачаўся абвал і ўсе яны засталіся пахаванымі пад рэшткамі скалаў. Па іншай версіі ў цясніне адбылася крывавая бітва, у якой загінула шмат воінаў з абодвух бакоў. Так ці інакш, але трагічны эпізод гісторыі перарадзіўся ў назоў цясніны. Яшчэ ў Хібінах увесь час трапляюцца вялізныя валуны (часамі памерам з невялікі дом), паходжанне якіх на дадзеным месцы (напрыклад на роўным горным плато) не заўсёды зразумела. Лапары-паганцы, называючы такія камяні «седамі», тлумачылі ўсё проста: па начах камяні лятаюць і абіраюць месца для пасадкі на свой густ. У сувязі з гэтым адной штармавой ноччу, калі здавалася, што намёт вось-вось панясе, у нас нават нарадзіўся жарт: «у ноч з 15 на 16 ліпеня лятаючы намёт быў збіты лятаючым седам”.

Напрыканцы падарожжа мы наведалі «дах Хібінаў» – гару Юдычвумчор. Адносна невысокая гара (1200 м) прадстаўляе яскрава выяўлены схіл, пакрыты курумнікам ды «сыпухай», і плато ў некалькі кіламетраў, па якім можна шпацыраваць пакуль не надакучыць. Вечарам у намёце мой сябар Юрка Седзянеўскі дзяліўся ўражаннямі: «Мяне ўразілі маштабы. Глядзіш і бачыш раку, возера, якія на мапе займаюць паў лісты. Сапраўды, як на далоні… Спадабаліся не так горы, як аблокі. У адной частцы неба – сонца, у другой – вясёлка, ідзе дождж. Бачыш менавіта канкрэтнае воблака над канкрэтнай гарой. Бачыш рэальны маштаб. Калі ў горадзе глядзіш знізу, здаецца, вось, вялікі будынак, за ім вялікае воблака. Тут па-іншаму – бачыш вялізнае воблака, пад ім вялізную гару, а паміж імі малюткі горад з яшчэ меншым камбінатам».

 

На самой справе ўражанне было часткова «сапсавана» тэлефанаваннямі дамоў, упершыню за апошнія два тыдні. Так, на самай высокай кропцы мы сталі трошкі бліжэй да дому, і трошкі далей ад гор. За вячэрай у лагеры ў цяні бярозак неяк асабліва зайгралі промні сонца па паверхні старога седа, і ўпершыню павеяла восенню. Надыходзіў час ад’язджаць.

 

align=”left” >Мы сядзім у цёплым утульным вагоне, які не цячэ і не прадуваецца вятрыскам. П’ем гарбату. І вось, у пэўны момант, як заўсёды на гэтым адрэзку шляху, пачынаюць спяваць рэльсы. Жалосна і ў той жа час велічна – як гуцульскія сурмы, як луры вікінгаў – музыка гор. За акном праносяцца елі, азёры з каменнымі астравамі, пятляюць рэкі… Менавіта ў гэты момант разумееш, чаму людзі вяртаюцца сюды. Дасць Бог, вернемся і мы.

 

Першую частку «Хібінаў» чытайце ў штотыднёвіку за 24 верасня 2009 г.

Фота Юры Седзянеўскага, Аляксея Міневіча, Юлі Віхаравай, аўтара