Засталіся па-за зонай доступу

Музыканты выйшлі на сцэну не адразу. «Калектыў – як Новы Год, яго павінны зваць», – жартавалі вядучыя са сцэны. І пасля некалькіх дружных «Горад 312! Горад 312! Горад 312!!!» з’явіліся спачатку самі музыканты і салістка калектыву Ая. «Прывітанне, Гродна», – гучыць у мікрафон, і неабходны настрой апаноўвае публіку. Аўдыторыю «разагрэлі» першай жа песняй – «Па-за зонай доступу». Тэматыка абарванай у прамым і пераносным сэнсе сувязі ў выкладанні для пакалення next знайшла свайго слухача як чатыры гады таму, так і зараз.

 

Падчас канцэрту музыканты спявалі і старыя хіты, і трэкі з будучага альбому. «Спадзяюся, ён выйдзе ў сярэдзіне снежня», – паабяцала Ая.

 

«А гэтую песню мы граем, калі вельмі цяжка. Хочацца зламацца, але мы ідзем далей. Нас б’юць, а мы дужэем», – выгукнула Ая, і паліліся радкі «Но я стальная пружина, я сильней под нажимом». А такія творы як «Неба» і асабліва «213 дарог», як напамін аб роднай краіне – своеасаблівая фішка гурту, па словах саміх удзельнікаў.

 

Калі пачалося «Девочка, которая хотела счастья», а людзі маўчалі, Ая здзівілася: «Нявошта ніхто не ведае слоў»? Насамрэч, шмат чалавек, сярод якіх быў і аўтар, не ведалі тэкстаў, але ўсё роўна спрабавалі падпяваць і танцавалі. Калі вакалістка сказала – «Мужчыны, а гэтая песня для вас. Каб вы нас лепей разумелі» – усе пачалі гадаць, што ж зараз будзе. Ая зацягнула энергічную песенку «Я так люблю обижаться».

 

Кампазіцыі чаргаваліся. Павольныя – бадзёрыя і танцавальныя, для дзяўчынак – для хлапчукоў. Музыка жартавала на конт гендэрнага аспекту: «Чаму ўсе лічаць, што я спяваю толькі для жанчын. Ёсць і «мужчынскія песні» – і Ая выканала жорсткі хард-рокавы трэк «Сокал».

 

Сваю порцыю авацый, не меншых чым вакалістка, выклікала гітарыстка гурту Маша. Гучанне гітар паверх барабанаў стала фішкай такіх песень, як «Амігас» і «Вясна». Між іншым, у часе выканання «Амігасу» вакалістка выцягнула на сцэну і вядучых канцэрту, падкрэсліваючы думку, што ў канцэртнай зале ўсе адзін аднаму сябры…

 

А скончваючы спяваць фінальную кампазіцыю – якую б вы думалі? – прашаптала ў мікрафон: «Застануся… горадам 312».

Ілюстрацыя http://tager.livejournal.com