«Я так люблю сваю краіну і ненавіджу дзяржаву»

|

Калі народ пачаў разыходзіцца, да мяне падыйшоў чалавек і сказаў, што Тэм гатовы даць інтэрв’ю…

 

– Прывітанне, Тэм. Вось вашыя тэксты вельмі свабодалюбівыя і не заўсёды адпавядаюць таму, што хацела б чуць дзяржава. А ці былі з яе боку рэпрэсіі супраць вас?

– Не. Ніколі.

 

– Калі праслухваеш вашыя альбомы адзін за адным – ад самага першага да апошняга, то бачыш, што чым навейшы альбом, тым больш у ім сацыяльнасці. З чым гэта звязана?

– Ну, мы змяняемся… Калі мы толькі сабраліся, пачалі прыдумваць песні пра тое, што нас хвалявала тады. Але вектар нашых хваляванняў не стаіць на месцы. Калі б мы зараз сачынялі свой першы альбом, ён быў бы зусім іншым. Калі ты перажыў нешта, што цябе хвалюе, гэта выліваецца ў тэксты, або ў музыку. Гэтым значна прасцей дзяліцца, чым нечым прыдуманым.

 

– У кожнага рок-музыкі ёсць гурты, з якімі ён у вельмі сябруе, або мае не вельмі добрыя стасункі. А як у вас?

– Мы ў добрых стасунках з усімі гуртамі, з якімі сустракаліся на фестывалях або канцэртах. Праблема некалькі ў іншым. Мы – калектыў уфімскі. Увесь час, пакуль мы не ў турах і не на запісах, праводзім дома, у родным горадзе. І магчымасць кантактаваць узнікае толькі на фестывалях і канцэртах, або калі да нас ва Ўфу прыязджаюць якія-небудзь гурты. Мы ходзім на іх паглядзець…Мы самі часта гастралюем і ведаем, што гэта такое – зносіны пасля канцэрту. Таму мы проста намагаемся ім не перашкаджаць. Забягаем, вітаемся і ўцякаем, каб не выбіваць іх з настрою. Як правіла, за канцэртам будзе дарога, потым – зноў канцэрт. Таму ў добрых стасунках з усімі, але назваць гэта нейкім высакапарным сяброўствам язык не павернецца. Адносіны хутчэй прыяцельскія. Са многімі музыкамі знаёмыя, але не болей за тое.

 

– Вы ўсе жанатыя. А як вашыя жонкі ставяцца да таго, што вы заўсёды ў раз’ездах? Не раўнуюць да маладых аматарак?

– Мы намагаемся падстаў для рэўнасці не даваць. Кожны з нас ажаніўся ўжо тады, калі мы больш ці менш састаяліся як музыкі. На той момант мы разумелі, чаго хочам ад жыцця. Ды і кожная з нашых жонак рабіла свой выбар ужо свядома, і разумела, што ўсе гэтыя раз’езды і туры – неад’емная частка жыцця кожнага з нас. А калі ты ведаеш, на што ідзеш, бязглузда потым ладзіць нейкія сцэны і казаць: «Як жа так!?».

 

– Вы гралі канцэрт разам са знакамітым гуртом Linkin Park. Ці не плануеце гэта паўтарыць?

– Па праўдзе кажучы, мы б сабе такую акцыю і запланавалі б… Але ўсё залежыць ад іх, а не ад нас (смяецца).

 

– Вы шмат гастралюеце. Ці адрозніваецца публіка ў розных гарадах або краінах?

– Адназначна ёсць адрозненні, і ў першую чаргу ў канцэртнай культуры. Дзесьці прынята стаяць ўвесь канцэрт па стойцы смірна і размахваць рукой з «казой». І гэта будзе самым яскравым праяўленнем эмоцый, і нічога другога дачакацца немагчыма… А дзесьці слэм не спыняецца нават ў такіх песнях як «Гарэць» або «Колькі». І нават хараводы ёсць… Дзесьці людзі ведаюць больш новы альбом, дзесьці – стары. Карацей кажучы, невялікія адрозненні ёсць, але ў цэлым публіка па гарадах вельмі падобная. Галоўнае, што людзям, якія прыходзяць на наш канцэрт, не ўсё роўна тое, што робіцца на сцэне. І я лічу гэта галоўным прызам за ўсю нашу музычную кар’еру.

 

– Ці памятаеце вы той момант, калі вы зразумелі, што сталі вядомым і папулярным?

– Так, але не «вядомымі і папулярнымі». Хутчэй так: вялікай колькасці людзей стала не ўсё роўна, што мы робім. Гэта было прыкладна праз тыдзень пасля фестывалю «Чортавы тузін». Гэта быў першы вялікі фестываль пасля таго, як наша песня трапіла на радыё. Дагэтуль мы гралі ў сталіцы на панк-рок фестывалі, дзе прысутнічала некалькі тысяч чалавек, і ігралі нармальны сэт, дзесьці паўгадзіны. Але як бы адыгралі і – усё. Канцэрт, як канцэрт. А потым нашая песня папала на радыёстанцыю «Наше радио», і яна пачала там рухацца кудысьці ўверх. А гэтай станцыі ва Уфе не было ніколі і зараз няма. А потым мы паехалі на фестываль ў Маскву, за паўтары тысячы кіламетраў, каб сыграць усяго толькі адну песню. Менавіта – гэтую. Канцэрт праходзіў у Лужніках, у кампаніі гуртоў, якія я слухаў усё сваё свядомае жыццё. Гэтае перажыванне было значна большым, чым тое, што мы зараз будзем нешта спяваць. Усведамленне таго, што ты выйдзеш на сцэну з такімі гуртамі… Ну блін, гэта проста неперадаваема! У нас ёсць кліп на песню «Сід і Нэнсі», зняты на гэтым канцэрце. Там усё можна разгледзець у нашых вачах.

 

– Ці гралі вы калі-небудзь на карпаратывах?

– Адзін раз у жыцці. На вельмі дзіўных умовах. Нас папрасілі сыграць два адзяленні, а мы папрасілі, каб нам ніхто не казаў, колькі і што нам граць. Гэта быў дзень нараджэння фімы, якая займаецца дапамогай тым, хто купляе альбо прадае акцыі праз інтэрнэт. На вечарынцы былі не толькі супрацоўнікі фірмы, але і іх кліенты. У першым аддзяленні мы гралі прыгожыя спакойныя песні, каб неяк расслабіць публіку, усыпіць уважлівасць людзей, каб у другім аддзяленні проста вывернуць перад імі сваю душу, выліць на іх усё, што назапасілася. Мы гралі «Зубы», «Государство», «Благовещенск»… Карацей кажучы – «жэсць». І мы выйшлі адтуль у шоку. Удзельнікі мерапрыемства – таксама. Бо думка аб тым, што я люблю сваю краіну і ненавіджу дзяржаву наўрад ці апынулася ім блізкай.

 

– Ці ёсць у вас вольны час, і чым займаецеся, калі не працуеце?

– Я вельмі люблю чытаць. Зараз насеў на Кінга. Вельмі захацелася распутаць клубок аднаго твору, які перачытаў у другі раз. Гэта ўсе сем тамоў «Чорнай вежы». Твор пабудаваны такім чынам, што ў ім перамяжоўваюцца людзі і падзеі з розных кніг аўтара.

 

– А ці былі ў вас у маладосці рок-куміры?

– Куміры – не. Але рок-музыку слухаў у нейкіх прамысловых маштабах. Я быў проста маньяк-меламан, і збіраў касеты сотнямі. Тады пачалі з’яўляцца ліцэнзіонныя касеты, з малюнкамі на вокладцы. І гэтыя вокладкі былі зацёртыя да дзірак. А калі яшчэ там і назвы песняў былі напісаныя, то гэта зусім – ах!!! А нейкія песні былі нам не патрэбныя, і паверх іх запісваліся іншыя. Адзін у аднаго спісвалі, цэлыя ланцужкі выцягваліся… Даходзіла да таго, што можна было трапіць на шостую копію, дзе чуваць было толькі шыпенне. Але нас гэта не спыняла.

 

– Як вам у Беларусі? Ці падабаецца наш край?

– Мы не першы раз у Беларусі, але ніколі не былі ў Гродна. Пасля сённяшняга канцэрту я шкадую, што мы раней да вас не прыязджалі. У вас тут здорава! Асабіста мяне ўражвае чысціня. Бо калі едзеш ў цягніку па Расіі, можна ўбачыць сотні метраў сметнікаў, якія паўсталі незразумела адкуль. У вас я такога не бачыў ні разу. А яшчэ дарогі вельмі падабаюцца.. – І традыцыйнае пытанне – якія ў вас творчыя планы? – Вельмі простыя. У нас наперадзе месяц канцэртаў. Мы будзем далей і далей выступаць у падтрымку нашага новага альбому «МІР». А вясной прадоўжым тур ізноў, таму што гарадоў, якія захацелі нас паслухаць ужывую аказалася вельмі шмат.

 

– Дзякуй вялікі за класны канцэрт і цікавая адказы.