Новы набытак «Карату»

У экспазіцыі музею прадстаўлена каля 800 экспанатаў: мінералы і горныя пароды з Кольскага паўвострава, Забайкалля, Афрыкі, Амерыкі, Францыі, іншых краін. Збіраліся яны роўна 10 гадоў.

 

Музей ладзіць бясплатныя аглядальныя і тэматычныя экскурсіі. У ім працуюць дзве студыі, дзе надаюць мастацкую апрацоўку камяням і мінералам – напрыклад, наносяць на камяні малюнкі з дапамогай дробных дадаткаў розных парод.

 

Калекцыя музею пачынаецца з несамавітага на выгляд беларускага бурштыну і паступова пераходзіць да двух дыямантаў з Афрыкі, якія з’яўляюцца самымі цвёрдымі мінераламі ў свеце. Ёсць тут экспанаты, якія музей атрымаў у падарунак ад розных краін. Але найбольшая частка была сабраная ў экспедыцыях, напрыклад у вялікай экспедыцыі па Ўрале. Усяго было арганізавана 13 экспедыцый.

 

Я спытаўся ў экскурсавода Таццяны Іванаўны пра новыя экспанаты, і вось што яна мне адказала:

 

– Зусім нядаўна паступілі новыя экспанаты: флагапіт – разнавіднасць лушчака; мускавіт, які ў старажытнасці ўстаўлялі ў вокны замест шкла; магнетыт – гэта асноўная руда жалеза. Сярод экспанатаў прадстаўленыя і самацветы, па-іншаму іх завуць смарагды, з Уралу, Індыі, Бразіліі.

 

Тым, хто зацікавіўся, або нешта не зразумеў, раю пайсці і пераканацца: вул. Серафімава, 64. Там вас сустрэне экскурсавод, які ўсё падрабязна распавядзе.

На фота: магнетыт