Пошукі сябе ў свеце колераў

Даша заўсёды была актыўнай дзяўчынай. Займалася плаваннем, кожнае лета гуляла з сяброўкамі супраць хлопцаў у футбол… Адным словам, у яе было бесклапотнае дзяцінства.

 

Пошукі свайго стылю пачаліся амаль з пятнаццацігадовага ўзросту. Калі з’явіўся гурт Tokio Hotel, яна літаральна «страціла розум» ад іх і іх музыкі. У той час гурт стаў часткай яе жыцця. Слухаючы з раніцы да начы іх музыку, яна і пачала пераймаць іх стыль. У яе адразу ж з’явілася жаданне зрабіць дрэды, як у аднаго з улюбёных музыкантаў гэтага гурту – Тома Каўліца, але на дзіва яе нешта стрымала. Затое, апрануўшыся ў татавыя вялікія джынсы і шырокую белую кашулю, яна хадзіла па вуліцы, не звяртаючы ўвагі на незразумелыя позіркі мінакоў.

 

Праз нейкі час гурт страціў сваю папулярнасць, і цікавасць Дашы да іх зменшылася. У яе жыццё паступова стаў уваходзіць рэп. Яна ўжо не апранала татавых штаноў, а мела ўласныя, адпаведныя гэтаму стылю джынсы, каляровыя майкі і вялікія красоўкі. Рабіла розныя выкрунтасы на скейце пад «сваю» музыку.

 

Потым Дашу стаў прывабліваць стыль emo. У той час яе настрой супадаў з яе выглядам. Здаралася і так, што на працягу дня яна магла не раз плакаць з-за несправядлівасці жыцця. Кашулькі, штаны, спадніцы і ўсялякія шматлікія аксэсуары былі ў чорна-ружовым колеры. Але не ўсім падабаецца стыль emo. І калі б Дар’я ведала, чым скончыцца адзін з яе шпацыраў па Леванабярэжнай, яна б сто разоў падумала, ці трэба ёй такія прыгоды. Два хлопцы, непрыхільнікі яе стылю, абразіўшы кепскімі словамі, некалькі разоў штурханулі дзяўчыну на зямлю.

 

Гэты выпадак не перашкодзіў ёй заставацца на той час вернай свайму выгляду. Зараз ёй 17 гадоў, але яна так і не прыпыніла эксперыментаваць са стылямі. Па яе словах, ёй надакучвае шэрая абыякавасць буднічнага жыцця, таму яна і ўносіць разнастайныя фарбы ў свой імідж і стан душы.

 

Патрабаванне ад іншых падобнасці – адзнака нецярпімасці і непавагі да індывідуяльнасці і асаблівасці іншага чалавека. А як вы лічыце?

Ілюстрацыя: http://ber3za.livejournal.com