Цыгарэтны шлях, ці Споведзь кантрабасіста
Некаторыя з іх згадзіліся стаць героямі нашай публікацыі.
Знаёмыя Анатоля, якія ўжо паварыліся ў чаўночным «катле», расказалі і паказалі яму нюансы гэтай працы. Патроху хлопец ўцягваўся ў нелегальны бізнэс, чамусьці вучыўся сам. Потым, калі набраў вопыту, пачаў ездзіць адзін.
– Аснова маёй камерцыі на дадзены момант – цыгарэты, – кажа Анатоль. З імі працуюць восемдзесят адсоткаў тых, хто ганяе на Польшчу. Раней, чатыры-пяць год таму, масава вазілі дызельнае паліва. Некаторыя сабе на саляры нават катэджы пабудавалі. Але зараз гэта нявыгадна, паколькі кошты на паліва у нашай краіне падняліся і сталі амаль аднолькавымі з польскімі. Зараз саляра – гэта шмат гемарою і мала грошай. У той жа час цыгарэты, як тады былі асноўным таварам, так ім і застаюцца. У сярэднім за паездку выходзіць трыццаць-пяцьдзесят даляраў. У маладога моцнага чалавека за месяц атрымліваецца да семісот даляраў прыбытку. Грэх скардзіцца… Але грошы нам дастаюцца нават потам і крывёю.
Вялікая частка тых, хто ездзіць у Польшчу, разам з тым працуюць на розных, у тым ліку, дзяржаўных працах, дзе заробак складае каля 400-500 тысяч. А побач сем’і, якія трэба карміць. Цікава, але хлопцы не скардзяцца на дзяржаву. Яны толькі просяць: не перашкаджайце.
– Я не разумею, адкуль на мяжы з Польшчай ўзяліся новыя нормы перавозак? – Пытаецца Анатоль. – Улічваючы, што гэта рекамендацыі (усяго толькі рэкамендацыі!), а ні ў якім выпадку не нормы. «Зялёнага» каналу і трыццаці пяці калаграмаў яшчэ ніхто не адбіраў. Аднак колькі нерваў усё роўна губляецца ў бясконцым змаганні. Мне адзін з мытнікаў сказаў аднойчы: «Паміж тымі, хто перасякае мяжу, і тымі, хто кантралюе яе, павінны быць здаровы баланс». Калі б нас шмат так не ездзіла, іх бы таксама столькі не працавала. Ў той жа час, мы пастаўлены ў няраўныя ўмовы з буйнымі перавозчыкамі. Мы не можам прапанаваць мытнікам таго, што могуць буйныя экспедытары. Таму мы ніякай цікавасці для іх не ўяўляем, і ні на што разлічваць не маем права.
Хто не рызыкуе, той на заробку сядзіць
– А рызыка вялікая! Як у матэрыяльным плане, так і ў адміністратыўным, – папярэджвае «чаўнок». – Калі параўноўваць штрафы нашай мытні і польскай, то на нашай – штрафы значна большыя, ды і ступень парушэння закону тут ацэньваюць больш строга, чым у палякаў. Кошт штрафу залежыць ад сумы «кантрабаса». З палякамі ў гэтым плане значна прасцей, там шматлікія пытанні вырашаюцца на месцах. Заплаціў – едзь далей. А нашая мытня справы перадае ў суд.
У тым выпадку, калі ты ўвозіш вялікую колькасць цыгарэт – ад двухсот і болей блокаў – можа быць нават дэпартацыя. Яшчэ адна прычына дэпартацыі можа быць у тым выпадку, калі ў цябе шмат штрафаў на працягу году. Неафіцыйная дэпартацыя – табе не адкрываючь візу.
На маей памяці самі вялікі «залёт» на польскім баку з кантрабанднымі цыгарэтамі – 1280 блокаў цыгарэт. Чалавек атрымаў дзесяць тысяч злотых штрафу і дэпартацыю на тры гады. Хаця пападаліся і з блокам на дзве, чатыры тысячы экземпляраў. Гэта на легкавым транспарце, які не ідзе па лініі TIRаў. Самую вялікую колькасць на нашай мытні я не ведаю. Але ж магу дакладна сказаць, што восемдзесят адсоткаў выяўленняў на нашам баку – праца інфарматараў. Мяне самога «здалі» паўгады таму. Свой жа чалавек, з якім я разам ездзіў у Польшчу. Гэта здарылася пасля таго, як я атрымаў больш высокі «статус», і мой пастаўшчык не захацеў працаваць з маім напарнікам.
Улад, яшчэ адзін кантрабандыст («кантрабасіст») цыгарэт, дадае: «Здаць» могуць і самі пастаўшчыкі, калі ім штосьці не падабаецца. Са мной так было аднойчы.
Хто на чым, а мы на «раскладушцы»
Народная машына – Фальксваген Б3 універсал. Гэта асноўны польскі рабочы конік, па словах Анатоля. Таксама Мерседэс 123. Апошнія гады сталі набіраць папулярнасць міні-вэны, у якіх можна схаваць вялікую колькасць цыгарэт і шмат чаго іншага. Улад тлумачыць, што многія ездзяць у Польшчу на новых машынах, каб мытнікі нічога не западозрылі.
– Літаральна тры гады таму я пытаўся ў памежніка, колькі машын ён прапускаў за смену, – дзеліцца Анатоль. –. Той адказваў, што за смену ў яго прайшло дзве тысячы трыста аўто. Цяпер плынь, вядома ж, меншая – 600-700 аўто.
Яшчэ адзін спосаб перамяшчэння – цягнік. Як толькі ў народзе не называюць дызель на Кузніцу – «трансформер», «раскладушка»… Зараз з’явіўся новы цягнік. Цікава, як хутка яго разбяруць на запчасткі?
Справы нашы цяжкія, хваробы ня смешныя…
Зараз Анатоль цвёрда ўпэўнены: ад гэтай працы няма аніякай асалоды.
– У чым кайф? У тым, што з-за трыццаці даляраў ты вымушаны гробіць сваю нервовую сістэму і прыніжацца як перад нашымі, так і перад польскімі мытнікамі?! У тым, што ты не ясі і не спіш некалькі сутак на тыдні?! У тым, што ў маладых дваццацігадовых хлопцаў гемароі, як у старых мужыкоў, і яны вымушаныя карыстацца жаночымі гігіенічнымі пракладкамі?!
– Адзінае – грошы, ды трохі адрэналіну, – падхапляе Улад.
Дарэчы, месяц назад у хлопца дваццаці пяці гадоў здарыўся інсульт, а цяжарнай жанчыне вызывалі хуткую дапамогу, бо яе давялі. А некалькі гадоў таму на польскім баку мужчыне перарэзалі горла, і ён памер у Сакулцы. Адрэналін!
– І нават тады, калі мы жартуем і расказваем пра розныя смешныя выпадкі, якія здараюцца ў «падарожжы», гэта – істэрычны смех, – з гаркатой кажа Анатоль. –. Калі мы пачнем думаць сур’ёзна аб гэтым, можа быць памутненне розуму. Мы ўжо зараз, у свае дваццаць з чымсьці гадоў, псіхічна неўраўнаважаныя людзі. Таксама амаль усе, хто рэгулярна «кантрабасіць», гіпертонікі. Прыемна толькі тое, што побач не толькі тыя пачвары, хто здае цябе, але ёсць і сябры, якія дапамагаюць і выратоўваюць цябе. Нашы бізнэсоўцы – гэта тэрарыўм, а мяжа – маленькі мірок. Самае распаўсюджанае выказванне на ёй – «мы ўсе п’ем з аднаго карыта». Хтосьці спачувае чужым няшчасцям, хтосьці, наадварот, радуецца ім.
Рэгіянальны канфлікт: горад супраць «калгасу»
На Польшчы, акрамя мытнікаў і таможні, ёсць яшчэ так званая «służba celna» (нешта накшталт нашай «уласнай бяспекі»), іх яшчэ называюць «чорныя». Іх кантрабандысты заўсёды асцерагаюцца.
– Тут ужо шмат залежыць ад адвагі самога мытніка. Ён можа пасадзіць цябе на так званую «яму» ці проста адправіць зваротна. – Тлумачыць Анатоль. – Затое, калі паступае інфармацыя, што няма «чорных», адкуль ні вазьміся з’яўляююца ФВ-Пасаты са Шчучына, Ліды, Скідзеля, Мастоў, Індуры, Аўльса і г.д. Такія бізнэсоўцы выедуць за месяц пару раз, заробяць сабе сотню даляраў і – задаволены. Аднак сваімі «непрафесійнымі» дзеяннямі яны знішчаюць усю сістэму работы з «Польшчай», таму што не ўмеюць працаваць з таможняй, не ўмеюць хаваць тавар ды ўвогуле шмат чаго не ўмеюць. Такія людзі не толькі падстаўляюць польскую мытню, яны падстаўляюць ўсіх, хто працуе ў гэтым бізнэсе. Так званыя «калгаснікі» папросту забілі бізнэс.
– Гэта іх справа, – непагаджаецца Улад. – Колькі хочуць, куды і калі хочуць, тады і едуць. Яны не павінны ні ў каго пытаць дазволу.
«Аглаблёвы» прыкол
Бывае, людзі знаёмяцца ў кіламетровых чэргах, каханне ўзнікае, ёсць, нават, прыклады шлюбаў. Не абыходзіцца без кур’ёзных выпадкаў. Аднойчы Анатоль назіраў, як жанчына лягла на дарозе, каб заняць месца. Прыехалі супрацоўнікі ДАІ, каб вырашыць справу, праз некаторы час, не здолеўшы, пачасалі патыліцу: «Трэба выклікаць АМАП».
Фота http://belapan.com