Камунікацыя ў трэцім пакаленні
Тэхналогія 3G забяспечвае абмен дадзенымі на мегабітных хуткасцях, як з дапамогай тэлефона, так і з дапамогай мадэма, дае магчымасць праслухоўвання інтэрнэт-радыё, прагляду інтэрнэт-тэлебачання і здзяйснення відэазванкоў.
Сучасную паслугу прадастаўляе малады ў Беларусі мабільны аператар life:). Усе жадаючыя могуць падключыцца на адзін з трох тарыфаў: «life:) Інтэрнэт 1000», «life:) Інтэрнэт 2000», «life:) Інтэрнэт 4000». Абаненты атрымліваюць адпаведна 1000 Мб за 49 000, 2000 Мб за 69 000 і 4000 Мб за 99 000.
Пры падключэнні на тарыфны план «life:) Мадэм» на выбар даступны 3G-мадэмы HUAWEI E1550 і ZTE MF637. Максімальная хуткасць перадачы дадзеных пры выкарыстанні 3G-мадэма HUAWEI – 3,6 Мбіт/с, ZTE – 7,2 Мбіт/с. Мадэм HUAWEI выдаецца бясплатна пры заключэнні дамовы карыстання паслугай на год, кошт мадэма ZTE складае 39 000 (разавы дадатковы плацёж да кошту падключэння паслугі «life:) Інтэрнэт 1000»). Тыя, хто хоча карыстацца 3G на тэлефоне заплацяць 10 000 за 100 Мб і 29 000 за 500 Мб. Хвіліна відэазванку абыйдзецца ў 249 рублёў.
Толькі за першыя два дні 3G мадэмы набылі каля 3 000 абанентаў, яшчэ 20 000 актывізавалі паслугу на сваім тэлефоне. Прадастаўленне паслугі пачалося на момант працы 360 станцый. Да канца лістападу іх колькасць павялічылася да 500. Мабільны аператар Velcom дае магчымасць выкарыстання высокахуткаснага доступу да сеткі Інтэрнэт ужо з ліпеня бягучага году. Аднак выкарыстоўваюцца для гэтага вышкі кампаніі diallog. Тарыфныя планы падаюць 1 Гб трафіку за 50 000 і 10 Гб – за 455 000. Да таго ж, для доступу ў Інтэрнэт неабходны мадэм коштам 499 000.
Па інфармацыі interfax.by, міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Мікалай Панцялей заявіў, што аператары Velcom і МТС атрымаюць свае 3G-частоты ўжо да канца бягучага года. Такое рашэнне было ўхвалена працоўнай групай дзяржкамісіі па радыёчастотах.