Людажэр з Беларусі

|

Мультфільм пра людажэра быў пародыяй на дзесяткі папярэдніх анімацыйных стужак. Ён падабаўся і дзецям, і дарослым, і нават крытыкам. На вялікую папулярнасць сярод маладых гледачоў паўплывала прывабная графіка. Дарослым падабалася моўная частка фільма, насычаная гумарам. Такі незвычайнаы змест мультфільму змусіў беларускіх перакладчыкаў нестандартна аднесціся да мовы герояў.

 

Да гэтай пары па-беларуску пабачыла свет другая (у 2006 годзе) і трецяя (у 2007 годзе) частка «Шрэку». За пераклад адказвалі Таццяна Беланогая, Мікола Андрэеў і Вольга Калынская.

 

У казачную рэчаіснасць, якая першапачаткова была разлічана на амерыканскага гледача, перакладчыкі ўвялі элементы, якія адназначна асацыююцца з «тутэйшасцю». У перакладзе «Шрэка» на беларускую мову не маглі абысціся без сімвалу Беларусі – бульбы. На гэтую гародніну падобны нос галоўнага персанажу стужкі, у бульбу таксама прапануюць схавацца яго жонцы. Акрамя таго, перакладчыкі прымусілі казачных герояў вячэраць у забягалаўцы «Хутка-Смачна» і піць піва ў рэстаране «Грунвальд». Такіх намёкаў на беларускую рэчаіснасць шмат. ДБУ, Панарама, Не-Нашае лато, каўбаскі па-магілёўскі, дранікі – толькі некаторыя з іх.

 

Для больш уважлівых гледачоў прапануецца адгадванне цытат з беларускіх твораў мастацтва. «Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!», – крычыць Аслюк, ужываючы словы Максіма Багдановіча, калі плануе наведаць фабрыку Хроснай Феі, якую, дарэчы, параўновае з фабрыкай «Камунарка». У беларускай версіі з’яўляюцца і больш сучасныя цытаты. «Усё будзе добра, і дзень прыйдзе новы», – напявае сябра Шрэка для паляпшэння настрою ў цяжкую хвіліну.

 

Перакладчыкі паклапаціліся і пра тое, каб гледачы ні на адну хвіліну не забыліся пра палітыку. У вусны персанажаў яны ўклалі лозунгі «За Беларусь» ды «Верым, можам, пераможам!». У сюжэце мультфільма ўзгадваецца нават «дэкрэт нумар адзін».

 

Насычэнне тэскту нацыянальнымі элементамі не толькі характэрнае для перакладу «Шрэка» на беларускую мову. Падобны падыход прыкметны і ў польскай моўнай версіі. Такога тыпу пераклад, як заўважае аўтар польскага дубляжу,– гэта своеасаблівы падман. Дзякуючы яму, гледачу здаецца, што ён глядіць стужку, зробленую ў яго краіне. А роднае заўсёды выклікае пазітыўныя пачуцці. Нават калі роднай з’яўляецца зялёная пачвара.

Ілюстрацыя http://www.filmz.ru