Дзед Мароз на лімузіне ці Як запальваюць ёлкі
Хіба толькі надвор’е крыху павярнулася ў бок зімы, ды дзе-нідзе ў вітрынах крам зіхацелі гірлянды і ўпрыгожаныя цацачкамі елкі. Нават моладзь сноўгалася па Савецкай неяк вельмі ўжо млява.
Але ў аўторак з раніцы зямлю крыху прытрусіла сняжком. Вядома! Сёння ж запальваюць елкі! Кінуўшы ўсе справы, я рванула на Савецкую, па дарозе адзначыўшы, што пэўная колькасць людзей ўжо тусуецца каля елкі на плошчы Леніна. Якая ж з іх Галоўная? А-а, не важна!
У чаканні… | Пасунься, хлопчык, зараз Дед прыедзе! |
На Савецкай плошчы да прызначанай гадзіны таксама назбіраўся натоўп. Вядома, не такі, як збіраецца на канцэрты. Але яно і зразумела: будні дзень, ды і абвестак пра такое свята, як «запальванне елак» я нідзе не сустрэла.
Пару хвілін чакання (і дзякуй Богу, што нядоўга, бо з непрывычкі мароз пакусваў за рукі і нос), і каля елкі з’явіўся нейкі віхур з бабы Ягі і іншых нячысцікаў. Весела, але ўсё па плане Навагодняга раннішніка, складзенага гадоў трыццаць, а то і сорак таму. А дзе Раство? Дзе Каляды? Не, памылілася… Вось і з’явіліся некалькі масак казлоў (ці то калядных козаў).
Як ні дзіўна, але і ні ў вітрынах крамаў, ні каля храмаў нішто не нагадвала аб голоўным свяце – Божым нараджэнні. Ды і Дзед Мароз (а не Санта) сустрэўся толькі на галоўных плошчах гораду. Больш за тое, прыбыў наш Дзед не на нейкіх заезджаных конях ці аленях, а на самым сапраўдным лімузіне ў суправаджэнні анёлаў-ахоўнікаў правапарадку. І з сапраўднай Снягуркай!
Яны сказалі некалькі словаў прывітання, але паколькі мікрафон фаніў (хіба што змерз), то чуваць амаль нічога не было. Пасля слова ўзяў глава Ленінскай адміністрацыі г. Гродна, выступілі прадстаўнікі школ і, нарэшце, Дзед Мароз даручыў запаліць Елачку Насце Галаўнёвай – навучэнцы 11-га класа філалагічнага профілю ліцэя № 1. Менш за тыдзень таму гэтая дзяўчынка запаліла Агонь Ведаў на ўрачыстым уручэнні білетаў ліцэістам.
> |
|
Такая вось “запальнічка” | І такі вось “паўночны алень” |
Насця павяла «чарадзейнай палачкай» і цуд звяршыўся! Елачка зазіхацела рознакаляровымі агеньчыкамі, а ўся плошча залілася светам не толькі электрычных лямпачак, але і шчаслівых усмешак людзей, якія сабраліся на плошчы ў пошуках цудаў.
Дзед Мароз яшчэ раз павіншаваў усіх і накіраваўся ў лімузін – запальваць далей. Народ яшчэ крыху патаптаўся каля елкі і рушыў да крамаў – шукаць новых цудаў у выглядзе зніжак на навагоднія падарункі для сваіх блізкіх. Але ці знойдзе – гэта ўжо другое пытанне.
Урачыстае ўручэнне чароўнай прылады | Ура-аа-аа! |
Гарадскія ўпрыгожванні: на вул. Ажешкі | На Ст. Лямусе |
Праз два тыдні – новы год
Фота аўтара