Расказаць пра Леніна з дапамогай фарбы
Адразу было затрымана некалькі маладзёнаў. У тым ліку – актывіст БХД і МФ Юры Казак.
Супраць Казака была ўзбуджана крымінальная справа па ч. 1-й арт. 339 КК – «хуліганства», якая прадугледжвае 3 гады турмы, «хімію» альбо штраф. Дзеянні хлопца былі ахарактарызаваны следствам як «наўмысныя, парушаючыя грамадскі парадак і вызначаныя асаблівым цынізмам». Дарэчы, шкода, нанесеная актывістам «з мэтай знявагі грамадскіх інтарэсаў і гістарычных традыцый» склала 3740 рублёў. Недзе – два літры бензіну. Зараз актывісты збіраюць подпісы супраць помніка Леніну, рыхтуюцца да суду, як шчырыя хрысціяне радуюцца жыццю і набліжэнню Раства і не аб чым не шкадуюць.
Насамрэч, пытанне аб помніку Леніну ўжо трошкі абрыдла: прынамсі ў Гродна аналагічныя подпісы збіраюцца ледзь не з канца 1980-х. Тут цяжка кагосьці пераканаць: усе ўжо вызначыліся са сваёй пазіцыяй. Ва Ўкраіне ды ў Расіі «ленінаў перыядычна ўзрываюць ці адбіваюць ім насы. Часам здаецца, што справа не ў Леніне асабіста, а ў свядомасці людзей, у якую перыядычна трэба гвалтоўна ўрывацца, каб там нешта змяніць.
Наўрад ці сам Ленін і лепшыя з яго паплечнікаў, якія перажылі катаргі і турмы, марылі пра такую дзяржаву як сталінска-брэжнеўскі савецкі саюз, ці сённяшнюю РБ. Наўрад ці Ленін, пры жыцці якога не было надрукавана ніводнай паштовай маркі з ягонай выявай, хацеў для сябе тысячы вялікіх і маленькіх ідалаў ад Камчаткі да Балтыкі. Усе гэтыя помнікі на прасторах сённяшняга СНД – дурацкая недарэчнасць, адзін са скуткаў камуністычнага эксперыменту.
Бюсты Леніна ў абласных гарадах і райцэнтрах сёння – сімвалы славутай «стабільнасці» і бясконцага «статусу кво» ў нашай краіне. Яны, па вялікім рахунку, не патрэбныя ўладзе, бо ўлада вызнае ідэалогію «бюракратычнага інтэрнацыяналу». Яны не парэбны людзям, бо людзям патрэбны танныя прадукты ў крамах і зручны курс даляра. Ні тыя ні іншыя не маюць нічога агульнага з камунізмам. У нейкай ступені ўсё можна спіхнуць на ўдалы піяр-ход у адносінах да пенсіянераў, у якіх з Леніным асацыююцца асабістыя «настальжы». Магчыма, так і ёсць.
«Вось я наведваю пэўную царкву, – кажа наваградскі пастар Уладзімір Качагур, – прапаноўваю людзям паставіць свой подпіс супраць Леніна, пачынаю тлумачыць, а яны адказваюць, што няма такой праблемы. Я кажу: у такім выпадку ў вас настолькі за…ныя мазгі…» і далей цэлая пропаведзь на «народнай» мове.
Праблема не ў Леніне, а ў абыякавасці. Большасці людзей усё роўна хто будзе стаяць на плошчы: Ленін, Пушкін ці бронзавая палка кіўбасы. Людзі не хочуць думаць, таму, каб ім прапанаваць гэта зрабіць, часам патрэбны 2,4 літры зялёнай фарбы.