Пра незвычайны хакей і кампутарнае «нешта»
На наступны дзень пасля гульні, як мае быць, мы падрыхтавалі фотарэпартаж і даслалі яго ў ТС. Куды ён «па дарозе» падзеўся не вядома ні нам, ні газеце, ні нават самому «эмайлу». Доўгія пошукі па скрынях не прынеслі выніку.
«І што за праблема? – Спыталася рэдактар. – Дашлі, Вольга, яшчэ раз. Няхай са спазненнем, але паставім у нумар. Фотаздымкі проста выдатныя!». І тут здарылася самае кепскае… Я – карыстальнік-чайнік, яшчэ не прайшоў месяц, як я завяла сабе скрыню. І… Так-так, забылася пароль. Карацей, я зразумела, што «нешта» наўмысна перашкаджае таму, каб мой першы спартовы рэпартаж дайшоў да чытача. Я раззлавалася на гэтае «нешта», мне было шкада Юрыных здымкаў, і я напісала пра свае ўражанні яшчэ раз.
***
Тэатр пачынаецца з вешака, спорт – з праходу на месцы для гледачоў. Былі прынятыя надзвычайныя меры бяспекі: супрацоўнікі міліцыі правяралі людзей на наяўнасць зброі, алкаголю і другіх забароненых прадметаў. Якіх, выявіць не атрымалася…
На першых хвілінах матчу гродзенская каманда захапіла лідэрства і на гэтым узроўні працягвала амаль усю гульню. Барацьба за шайбу была актыўнай і бесперапыннай. І ўжо на 3-й хвіліне з’явіўся першы гол: нумар 77-мы каманды прэзідэнта забіў шайбу ў вароты суперніка. Трыбуны «выбухнулі»! Але адразу «Нёман» узяў рэванш.
З боку мінскай каманды было шмат парушэнняў. Адзін з галоў быў сімвалічны на лічбы: нумар 13-ты Андрэй Асташэвіч на 13-й жа хвіліне зрабіў удалы кідок у браму гродзенскай каманды… За ўвесь час гульні Асташэвіч 5 разоў забіваў шайбу. Аднак з яго боку было многа падножак і удараў клюшкамі, а таму і шмат штрафных хвілін.
Другі перыяд суправаджаўся амаль толькі кідкамі з боку гарадзенцаў у мінскую браму. Але і Асташэвіч не спаў. Перыяд скончыўся на карысць «Нёмана». Надышоў час трэцяга перыяду. Пачалася жорсткая барацьба. То «Нёман», то каманда Мінску бралі гульню ў свае рукі, дакладней – клюшкі. Засталося 2 хвіліны да канца матчу. Гродна праігрываў з лікам 8:9, і наша каманда ўзяла тайм-аўт.
Я была амаль побач з камандай і хацела спытацца, якое выйсце з гэтай складанай сітуацыі яны бачаць. Але мяне спыніў міліцыянер. Я был так усхваляваная гульнёй, што непаважліва абазвала яго пра сябе׃ «Казёл!», а потым убачыла бэйджык на яго форме, на якім былі напісаныя дадзеныя׃ «Козел Ян Іванавіч». Скончыўся тайм-аўт, але ён не выратаваў гарадзенцаў. Мінск перамог, забіўшы 10-ты гол.
Ад рэдактара. Паколькі матч не мае вялікага «часавага» значэння, а з’яўляецца, хутчэй, гульнёй прыарытэтаў… Паколькі аўтарка пераадолела невядомае кампутарнае «нешта», а здымкі Юры Іванюка – рэдкая знаходка… Атрымлівай асалоду, чытач!
> |
|
Парнае катанне… |
Ты куды?
Паўзі за мной, мінчук…
На межах спорту: акрабатыка… | … фігурнае катанне |
З тыльнага боку…
Сваяк сваяка… | Не чапайце мяне! |
І дзе тут гарадзенцы?
Гульцы і публіка – адзіныя |
Да наступных сустрэч!
Фота: Юры Іванюк