Забарона на таніроўку часткова адмяняецца

|

Чатыры гады таму менавіта прэзідэнт забараніў «танірованым” аўто рухацца па дарогах краіны. Гэта супярэчыла Еўрапейскай эканамічнай канвенцыі ААН, да якой далучылася і Беларусь.

 

Улетку 2009 года беларускія аўтааматары сабралі больш за 6 тысяч подпісаў за адмену забароны на таніраванне задняга шкла. Атрымаўшы калектыўны зварот, прэзідэнцкая адміністрацыя даручыла МУС «вывучыць пытанне». І гэта дало эфект. Хто казаў, што ад простых людзей нічога не залежыць?

 

За каментаром мы звярнуліся ў прэс-службу ДАІ УЎС аблвыканкама. Вось што адказаў ТС Алег Дук:

 

– Трэба звярнуць увагу, што гэты ўказ кранаецца тых аўтамабіляў, таніраванае шкло якіх мае спецыяльную маркіроўку. Гэта значыць, што таніраванне шкла з’яўляецца завадскім, а не вырабленым самаробна ў кагосьці ў гаражы. Самародны спосаб па-ранейшаму забаронены. Ці ўплывае таніраванае шкло на бяспеку руху? Адназначна не адкажу… Лабавое шкло – так, але яно ў РБ забароненае. А бакавое і задняе… Усё залежыць ад майстэрства кіроўцы і чыста аб’ектыўных акалічнасцяў. Можна чакаць і адпаведнай рэакцыі людзей на з’яўленне ўказу: магчымы прыток іншамарак з таніраваным шклом.