Дзецям мала ўвагі
Да такой высновы прыйшлі на паседжанні калегіі пракуратуры Гарадзенскай вобласці.
У шэрагу выпадкаў дзеці трапляюць пад увагу служб толькі калі трагедыя ці злачынства ўжо здзейсніліся.
Па словах старэйшага памагага пракурора вобласці Святланы Нанкевіч, колькасць дзяцей ва ўзросце ад 0 да 17 год у вобласці змяншаецца.
У 2007 годзе іх было 233,6 тысячы, у бягучым – 212,2.
“Вядома, такая статыстыка – у большай ступені дэманструе дэмаграфічныя працэсы, аднак, на жаль, тут жа фігуруюць і смяротныя выпадкі з-за траўм, пажараў, патапленняў,”- падкрэсліла яна.
За 9 месяцаў бягучага года ў Гарадзенскай вобласці загінула 32 дзіцяці.
”Сумна тое, што ў пэўных выпадках трагедыі можна было пазбегнуць, калі б дарослыябылі больш уважлівымі, а службы праяўлялі менш фармалізму ў сваёйпрацы,” – сказала Святлана Нанкевіч.
Напрыклад, пры пераездзе ў гаспадарку з аднаго з раёнаў сям’я атрымала жыллё, але па некаторых прычынах не змагла зарэгістравацца па месцы жыхарства.
У выніку іх пяцігадовага сына не ўзялі ў дзіцячы садок, і ён заставаўся адзін, калі бацькі сыходзілі на працу.
У адзін з дней хлопчык гуляўся з запалкамі, падпаліў хату і сам стаў ахвярай пажару.
Выяўлены таксама факты, калі медустановы, школы не сігналізуюць аб сітуацыі, у якую трапляюць дзеці, і праблемы дзіцяці выяўляюцца толькі тады, калі ён становіцца ўдзельнікам злачынстваў.
Пры гэтым Святлана Нанкевіч адзначыла, што асобныя раёны, дзе камісіі па справах непаўнагадовых узначальваюць неабыякавыя людзі, якія шчыра перажываюць за дзяцей, сапраўды ў поўнай меры выконваюць ускладзеную на іх каардыанацыйную функцыю.
Па інфармацыі БелТА
Фота www.politicses.ru