«Аватар», як прыклад спалучэння

Аляксей Шота:


«Аватар» – казачная прыгажосць

Калі Спілбергу можна было пераасэнсаваць Пінокіё ў сваім «Штучным інтэлекце», то чаму ж Камерану не зірнуць інакш на гісторыю Пакахонтас?

 

Стужка, якую Джэймс Камеран імкнуўся зняць з 1995 году, ужо на экранах нашых кінатэатраў. Тэхнічны прагрэс дасягнуў узроўню, каб рэалізаваць фантазіі рэжысёра аб далёкай і казачна прыгожай планеце Пандора і насяляючых яе таямнічых людзях-катах. Праца па стварэнні небывалых жывёлаў і раслін была проста тытанічная. Але «Аватар» –гэта не толькі банкет для вачэй.

 

«Аватар» – спалучэнне мноства сюжэтных ліній, ідэй і гісторый, больш ці менш важных для асноўнага апавядання. Экалагічныя, антыкаланіяльныя, антымілітарыстычныя матывы. Да таго ж, гэта проста эталонная забаўляльная кінафантастыка, у лепшых традыцыях заходняга кіно.

 

Камеран называе свой фільм «старамоднай прыгодай» і трапляе ў дзесятку: ад самага пачатку здаецца, што недзе мы ўжо такое бачылі, недзе пра гэта чулі. Хапае крыніцаў натхнення ў фантастычнай класіцы. Сутыкненні абарыгенаў і каланізатараў нам паказвалі не раз. Ідэя заменных целаў таксама не новая. Нешта падобнае было ў «Матрыцы», а з апошніх фільмаў варта ўзгадаць «Сурагаты» з Брусам Уілісам.

 

Без памылак можна прадбачыць амаль кожную падзею ў сюжэце і не так складана ўявіць канцоўку. Галоўны герой спачатку ўсё псуе, а потым усіх ратуе. Здаецца, банальшчына, але ж ад экрана ніяк не адарвацца. «Аватар» – адзін з тых нешматлікіх фільмаў, сканчэння якіх мы не хочам. На Пандоры хочацца быць.

 

Фільм мае таксама істотны этычны складнік, які адсылае да нашага ўласнага досведу каланіялізму. З таго часу як чалавек сустрэў іншага, які адрозніваўся ад яго мовай, звычаямі ці колерам скуры, ён выношваў у сабе вялікую мару. Забіць таго іншага, каб не вывучаць яго мову, яго звычаі і яго бачанне свету. Каб не трэба было разумець іншага. Пра гэта і фільм.

 

Інтэлектуальны патранаж трымае памерлы нядаўна Клод Леві-Штрос. Абарыгены Пандоры – народ На’ві – могуць здавацца дзікунамі, а іх вера і традыцыі – забабонамі. Але яны значна глыбейшыя і больш сэнсоўныя за тэхнакратычны рацыяналізм людзей.

>

Сярод актораў, якіх выбраў Камеран, няма ніводнай зоркі першай велічыні. І гэта ў мегаблокбастэры! Сігурні Уівер у ролі кіраўніка навуковага праекту – такая ж баявая, як і ў вобразе Элен Рыплі 30 год таму ў камеранаўскім «Чужым». Сэму Уортынгтану, зорцы апошняга Тэрмінатара, вельмі пасуюць ролі тупых салдафонаў. Ну а Стывен Ланг у якасці жорсткага мілітарыста – проста знаходка. Дарэчы, вельмі цікава адсачыць пераход ад гераічнага мілітарызму часоў «Зорнага дэсанту» Пола Верхувена да асуджанага мілітарызму «Аватара» Камерана.

 

Асобнай пахвалы заслугоўвае саўндтрэк, а асабліва песня з фінальных тытраў. Да хітовасці «My heart will go on», канечне, далёка, але папулярнасць трэк будзе мець.

 

Дык ці рэвалюцыя гэта ў кінематографе, як хацеў Камеран? Мы гэтага ацаніць не можам – ні ў адным з кінатэатраў Беларусі не паказваюць 3D версіі, якая гэтым разам не модны дадатак, а па сутнасці – сам фільм. У студзені ў Мінску стартуе першы гэтак абсталяваны кінатэатр. Калі нехта не ў стане чакаць, варта завітаць у Беласток. «Аватар» – добрая і надзвычай прыгожая казка. Цудоўны падарунак на Каляды і Новы Год. Асабліва спадабаецца мужчынам і дзецям.

 

Фільм: Аватар / Avatar, 2009 г., ЗША-Велікабрытанія, 162 хв.

Рэжысёр: Джэймс Камеран

Жанр: старамодная фантастычная прыгода

Асабістая ацэнка: моцная 8

 

Усевалад Шлыкаў:

 

Блакітная 3D байка

 

Трымаючы ў руках адзінаццатага оскара за фільм «Тытанік», Джэймс Кэмеран закрычаў: «Я кароль свету!». Ужо тады сцэнар «Аватару» быў накіданы ў агульных рысах. Аднак, Кэмерану, прыйшлося пачакаць 13 год, пакуль тэхналогіі не дазволілі ажыццявіць ягоную мару.

 

Джэймс Кэмеран хацеў стварыць першы поўнаметражны 3D фільм, aле на календары быў 1997 год і 3D камеры былі памерам з лядоўню. Дзякуючы Кэмерану абсталяванне для здымкаў 3D стала значна больш кампактным і з’явілася магчымасць карыстацца з тэхналогіі motion capture: акторы апранаюцца ў касцюм, аблеплены чуйнікамі руху, а аніматары потым ператвараюць іх у кампутарныя персанажы.

 

Як і «Тытанік» 13 год таму, новую працу Кэмерана мы ўбачылі як раз перад Калядамі. «Аватар» з’яўляецца на экранах пасля эпічнага «Уладара пярсцёнкаў», паўтарыць размах якога нялёгкая справа і, што горш, пасля «Сурагатаў», у якіх актыўна эксплуатуецца ідэя кіравання целам на адлегласці.

 

Кэмеран вельмі добра разумее кінарынак, таму ў новым фільме ён паспяхова спрабуе загнаць у кінатэатры і прыхільнікаў фэнтэзі, з магіяй, цмокамі, лукамі і стрэламі і фанатаў навуковай фантастыкі. Чалавекападобныя робаты, футурыстычныя вінтакрылы і вялікія арматы прысутнічаюць у фільме. Аб’ядноўваюцца гэтыя суполкі да банальнага проста – вайной. Сюжэт «Аватару» казачны, без нечаканых паваротаў і ад таго шчыры і прыгожы. Не гледзячы на тое, што рух фабулы можна прадказаць на паўгадзіны фільму наперад, мы ўсё роўна суперажываем героям і абураемся з хцівасці людзей.

 

Падзеі адбываюцца ў дзве тысячы двесце ..наццатым годзе. Людзі даляцелі да планеты Пандора, што проста ломіцца ад нейкага мінерала, які са слоў галоўнага бугалцера экспедыцыі каштуе па дваццаць мільёнаў за кілаграм. На гэтай жа планеце, апрача рознай жыўнасці, што можа прымроіцца толькі пад уплывам адмысловых сродкаў, жывуць чатырохметровыя гуманоіды На’ві. У сваім развіцці яны знаходзяцца прыкладна на пачатку каменнага веку. Каб старгавацца з абарыгенамі за бусы, ствараецца праект Аватар, – гэта такі На’ві, створаны з дапамогай ДНК чалавека, якім ён кіруе знаходзячыся ў адмысловай капсуле.

Наш герой – былы марскі пехацінец, трапіць у галоўнае племя абарыгенаў, дзе яго будуць вучыць складанасцям Пандорскага жыцця. Канешне ж, не абыдзецца без прыгожай абарыгенкі, у якую пехацінец закахаецца. Пасля чаго, разам з некалькімі сябрамі перойдзе на бок мясцовых. У гэты час людзі, пад кіраўніцтвам злога маёра, без комплексаў страляюць у безабаронных туземцаў ракетамі, знішчаюць іх святы дуб, а потым вырашаюць узарваць ужо самае галоўнае і чароўнае дрэва. Вядома ж, прырода пераможа тэхналогію, каханне будзе мацней за расавыя перашкоды, а хцівасць саступіць перад шчырасцю і сяброўствам.

 

Калі ў часе прагляду ў вас з’явіўся нейкі скептыцызм, проста дачакайцеся дыснееўскага пацалунку двух блакітных гуманоідаў. Успрымайце фільм як казку і атрымлівайце асалоду ад оргіі фарбаў на экране. Аўтар некалькі разоў лавіў сваю сківіцу ля самай падлогі калі бачыў каней-малюскаў, цмокаў, што разбівалі вінтакрылы аб скалы, масавую медытацыю На’ві і г.д. і г.д. «Аватар», безумоўна, назаўсёды войдзе ў гісторыю кінематографу. Нідзе ў аніматараў яшчэ не было такой свабоды дзеяння, а маштаб фінальнай бітвы прымусіць падумаць, каб пайсці за квітком на наступны сеанс.