Суд за замах на помнік Леніна
Замах на помнік Правадыра адбыўся ў ноч з 6-га на 7-га лістапада.
Як паведамляе сайт Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, актывістам якой з’яўляецца Юрась Казак, следства ахарактарызавала ўчынак хлопца як “наўмысныя, парушаючыя грамадскі парадак і вызначаныя асаблівым цынізмам” дзеянні. Падлічаныя і страты, якія нанёс актывіст “з мэтай знявагі грамадскіх інтарэсаў і гістарычных традыцый, выкарыстоўваючы лакафарбавы матэрыял” – 3 тысячы 740 беларускіх рублёў.
На думку следства, Казак “актыўна супрацьпаставіў сваю асобу грамадству, праявіў яўную непавагу да нормаў паводзінаў, прынятым у ім, традыцыяў, гістарычных каштоўнасцяў грамадства…Казак Ю.В, разлічваў менавіта на тое, што яго дзеянні выклічуць грамадскае абурэнне менавіта ў дзень свята”.
У якасці сведкаў на судзе з боку абвінавачвання ўлады запрашаюць выступіць мясцовых гісторыкаў. якія будуць абараняць “гістарычную каштоўнасць” вобразу Леніна.
Як паведамляе сайт БХД, да справы, у прыватнасці, далучаныя заключэнні дырэктароў мясцовага краязнаўчага музея і музея Адама Міцкевіча, якія пацвердзілі факт “знявагі над грамадскімі інтарэсамі і гістарычнымі традыцыямі”.
БХД у сваю чаргу запрасіла сведчыць на судзе ў Наваградку вядомых гісторыкаў-антыкамуністаў.