Скандал у футбольным Беластоку
Следства, праведзенае Дысцыплінарным аддзелам Польскага футбольнага саюза, выявіла, што ў 2004-2005 гг. “Ягелонія” купіла 5 гульняў у сваіх супернікаў па ІІ лізе.
Кіраўніцтва клуба, аднак, спадзяецца на адмену рашэння пра паніжэнне ў ранзе і валіць віну на папярэдняга прэзыдэнта клуба. Карупцыйныя скандалу страсаюць польскі футбол ужо некалькі апошніх гадоў.
Некалькі каманд ужо былі пераведзеныя ў ніжэйшыя лігі. Адбылося і некалькі гучных затрыманняў футбольных функцыянераў і арбітраў, якія забяспечвалі “патрэбныя” вынікі.
У Беларусі да гэтага часу абмяркоўваецца гісторыя з магчымым продажам гульняў футбалістамі зборнай Беларусі. Супраць аднаго з падазраваных у арганізацыі продажу матчаў – былога футбаліста нацыянальнай зборнай краіны Валерыя Шанталосава, была нават узбуджаная крымінальная справа. Абаронцы Шанталосава дамагліся перадачы следства ў Расію (бо той меў і расійскае грамадзянства), дзе справу ў хуткім часе зачынілі.
Некаторыя вядомыя беларускія футбалісты і трэнеры дзе паўнамёкам, а дзе і наўпрост кажуць, што карупцыя распаўсюджаная і на ўзроўні беларускіх клубаў. Аднак на гэты момант афіцыйна аніводны выпадак куплю-продажу гульняў у чэмпіянаце краіны выяўлены не быў.
В. Дрэма