У новы год – з новымі падаткамі, пошлінамі, субсідыямі і арэндай

|

Пра ПДК

Падатак на дададзены кошт, які ўплывае на кошт тавараў і паслуг, зараз складае не 18%, а 20%. Аднак гэта не паўплывае на рост коштаў у Беларусі (па прагнозах Мінфіну), таму што прадпрыемствы перастануць плаціць чатыры падаткі, у тым ліку мясцовы падатак з продажаў тавараў рознічнага гандлю і транспартны падатак.

 

Пра дапамогу

Малазабяспечаным беларусам прыйдзецца менш бегаць па інстанцыях і менш дакументаў запаўняць. Замест штомесячнай сацыяльнай дапамогі і безнаяўных жыллёвых субсідый будзе адзін від сацыяльнай дапамогі – штомесячны. Яго можна будзе выдаткаваць на вопратку, ежу або аплату жыллёва-камунальных паслуг. Дарэчы, крытэр патрэбнасці павялічаны, і зараз могуць разлічваць на дапамогу дзяржавы тыя сем’і, дзе на аднаго чалавека прыходзіцца менш за 375 тысяч рублёў у месяц.

 

Пра арэнду

Раней стаўка арэнднай платы вылічвалася ў еўра, зараз яна будзе залежыць ад базавай велічыні. Мяркуецца, што гэтая мера дазволіць арандатарам жыць больш “стабільна”, паколькі базавую велічыню не «трасе» як курсы валют. Палёгкі ў выплаце арэнды закон дае рознічнаму гандлю (акрамя гандлёвых месцаў на рынках і ў гандлёвых цэнтрах), бытавым паслугам, школам і дзіцячым садкам, а таксама рэдакцыям дзяржаўных газет і часопісаў. Нажаль! Незалежныя калегі так і застануцца незалежнымі… ад дабрадзействаў дзяржавы. Новы парадак выплаты арэнды будзе распаўсюджвацца на ўсе катэгорыі будынкаў – склады, адміністрацыйныя, вытворчыя і грамадскія памяшканні.

 

Пра іншамаркі

Мытныя стаўкі на ўвоз аўто ў Мытным саюзе Беларусі, Расіі і Казахстана выраслі. На шчасце, пакуль толькі для юрыдычных асобаў. Гэта значыць кошты паднімуцца першым чынам для кліентаў аўтасалонаў і аўтадылераў. Прыгнаць жа іншамарку самастойна можна да ліпеня па старых расцэнках. Кошты ў салонах па прагнозах аўтадылераў ужо да вясны вырастуць не менш чым на 40%. Затое беларусам прапаноўваюць увозіць зусім без мыт аўтамабілі, сабраныя ў Расіі…


Пра праверкі

З 1 студзеня кожнае беларускае прадпрыемства атрымае клас па ступені рызыкі – ад малога да высокага. У залежнасці ад яго праверкі будуць прыходзіць раз у пяць гадоў, раз у тры гады або раз у год. У групу высокай рызыкі разам з казіно і тытунёвымі кампаніямі трапіў рознічны гандаль. Правяраючыя застаюцца тыя ж, але іх дзеянні будзе кантраляваць Камітэт дзяржкантролю. А план праверак усе змогуць убачыць на сайце КДК. А наколькі гэтыя змены паўплываюць на нашае жыццё… Пажывем – убачым.

На здымку: як раз у студзені мінулага году былі падвышаныя пошліны на іншамаркі у Расіі…