Хто перакладзе Гарадзеншчыну на родную мову?
“Глобус Беларусі” – самы поўны ў свеце ілюстраваны збор беларускай архітэктуры, унікальная электронная энцыклапедыя, аналагаў якой не мае ніводная суседняя краіна.
Аўтар “Глобуса”, Андрэй Дыбоўскі, восем год таму пачаў распрацоўваць сайт па-руску. Цяпер даследчык жадае зрабіць і беларускамоўную версію, але за ўвесь час аб’ём тэксту павялічыўся да 500 000 знакаў (прыкладна 170 старонак А4 12-ым кеглем). Таму Андрэй Дыбоўскі просіць падтрымаць яго ў гэтай справе.
Ініцыяваць акцыю сярод інтэрнет-супольнасці яму дапамог Глеб Лабадзенка.
– У сябе на блогу я змясціў спіс усіх населеных пунктаў, – распавёў журналіст. – З гэтага пераліку бачна, якія гарады і мястэчкі яшчэ ніхто не выбраў. Калі хтосьці пра той ці іншы помнік архітэктуры ведае больш, чым напісана на www.globus.tut.by, гэтую інфармацыю можна дадаць.
Паводле словаў Глеба, за тры дні “валанцёры” разабралі больш за 300 назваў населеных пунктаў з амаль трох тысяч.
Сярод удзельнікаў акцыі паэт Віталь Рыжкоў, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, перакладчыца Марыйка Мартысевіч.