Гарадзенскі хоспіс

|

З чаго пачыналася…

– Як я прыйшла ў хоспіс? Гэтае пытанне заўсёды заганяе мяне ў тупік, – кажа Вольга. – Да гэтага я працавала ў дзяржаўнай структуры, займалася прыблізна тым жа, што і тут.

 

Па словах Вольгі, праца ў хоспісе дапамагае вырашаць розныя пытанні значна хутчэй: пакуль у дзяржаўнай установе ты будзеш ўсё узгадняць, пройдзе час, якога заўсёды не хапае. Між іншым, часта арганізатары хоспісаў бяруцца за гэтую справу пасля таго, як іх сем’і напрамую сутыкаюцца з цяжкай праблемай. На шчасце, Вольгу гэта не закранула…

 

– Хоспіс аказвае так званую паліятыўную дапамогу смяротна хворым дзецям. Паліятыўная медыцына – падтрымка безнадзейна хворых, – кажа Вольга Шульга. – Стаць валанцёрам нашага хоспіса можа любы жадаючы, але дзеля гэтага яму патрэбна прайсці спецыяльную падрыхтоўку: азнаёміцца са спецыялізаванай літаратурай, авалодаць нейкімі псіхалагічнымі методыкамі. Гарадзенскі хоспіс актыўна супрацоўнічае з іншымі беларускімі хоспісамі, але юрыдычна мы розныя арганізацыі.

 

Каму больш баліць

– Як гэта ні дзіўна, дапамога патрэбна не столькі самім дзецям, колькі іх бацькам, – кажа Вольга. – У тых людзей, якія даведаліся пра хваробу свайго дзіцяці, ёсць некалькі стадый праходжання. Першае – адмаўленне сітуацыі: «не, гэта здарылася не з маім хлопчыкам ці дзяўчынкай, медыкі зрабілі памылку, усё будзе добра». Потым бацькі пачынаюць шукаць выйсце. Яны спадзяюцца, што іх нашчадкаў выратуюць, ходзяць па дактарах, возяць у хворых Маскву, Польшчу. Некаторыя пачынаюць бегаць па ўсялякіх бабках-шаптухах, тым самым губляючы час.

 

Адна з важкіх прычын, па якой людзі не звяртаюцца ў хоспіс – псіхалагічная. Ім здаецца, што гэта – «усё, канец». Ты прызнаеш і згаджаешся, што твае дзіцяці памрэ, іншага выніку не будзе. Бывае і такое, што спачатку бацькі звяртаюцца ў хоспіс, а потым – «даруйце, нам гэта не патрэбна і ўвогуле, навошта вы прапаноўваеце сваю дапамогу».

 

Усялякае бывае

– Дапамагаючы бацькам, мы з цягам часу адмовіліся ад практыкі даваць ім грошы. Не сакрэт, не ўсе дзеці жывуць у нармальных сем’ях. Ёсць бацькі, якія патрабуюць дапамогі ў грашовым эквіваленце, каб потым гэтыя грошы прапіць. У такіх выпадках мы аказваем дапамогу рэчамі. Таксама мы вельмі патрэбны і тым сем’ям, якія ўжо страцілі дзіця. У мінулым годзе было некалькі такіх выпадкаў. Адна з самых галоўных задач – захаваць іх шлюб. Дзеля іх саміх і дзеля здаровых дзяцей. Нам гэта ўдалося. Маці выйшла на работу – адзін з асноўных паказчыкаў, што яна псіхалагічна рэабілітавалася. На жаль, такое адбываецца не заўсёды.

 

Сутыкаюцца супрацоўнікі хоспіса і за такой праблемай: бацькі кідаюць усе свае сілы на падтрымку хворага дзіцяці і «забываюць пра здаровых…І самае горшае, але вельмі характэрнае для нашай краіны: з хворымі дзецьмі застаюцца толькі маці. Таты такія сем’і часта кідаюць.

Ілюстрацыя http://www.chartattack.com