Паміж Раством і Вадохрышчам

|

Па традыцыі варожаць на працягу ўсіх дзён Калядаў. Сярод вядомых усім варожбаў з люстэркам або чаравічкамі (якія кідалі за парог), было папулярным і… падслухоўванне пад вокнамі ў суседзяў: калі ў хаце размаўлялі спакойна – добрая прыкмета, а вось калі лаяліся або спрачаліся – жыццё абяцала быць неспакойным.

 

Сёння варожбы трансфармаваліся і набылі цалкам сучасныя формы. Варожаць на гаросе, гарэшках і кававых зернях. Варажыць могуць і жанчыны, і мужчыны. Той, хто варожыць, бярэ жменю гарошын, гарэшкаў або кававых зерняў колькі зможа, трасе іх у руцэ некалькі разоў, затым выкладвае зярняткі па адным на стол, прымаўляючы па слове на кожнае зярнятка. На апошнім – што вымавіце, то і спраўдзіцца. Прымаўляць можна, што заўгодна. Напрыклад, сучасны варыянт: «Мельхіёр, латунь ці злата, срэбра, чыгун ці вата, асабняк, палац, намёт ці стары дзіравы плот, «Форд», «Таёта» напракат, «Мэрсэдэс» ці самакат, шлюб, дарога і каханне, падарожжа і спатканне…» і г.д. Галоўнае заранёў скласці свой «лінгвістычны» ланцужок (каб лёс не падманваць і не прыгадваць «добрае» слова на апошняе зерне).

 

align=”left” >Завяршае калядны цыкл Вадохрышча. У гэты дзень паўсюль па Беларусі асвячалі ваду, а на рэках і азёрах праходзіў абрад хрышчэння. Дарэчы, набраная вада ў гэты дзень лічылася гаючай і мела ўласцівасць ахоўваць людзей ад хвароб і няшчасцяў. Раяць мыцца снегавой вадой: па прымеце, ад гэтага «без бялілаў белымі бываюць, без румянаў румянымі».

 

Са святам Вадохрышча звязана шмат павер’яў аб лёсе чалавека. Калі хто-небудзь хрышчоны ў гэты дзень – быць яму шчаслівым чалавекам на ўсё жыццё. Добрым прадвесцем лічыцца таксама, калі ў гэты дзень змовяцца аб будучым вяселлі.

 

У народзе лічылася, што калі на Вадохрышча вельмі халодна – у жніво будзе вельмі горача. Калядны снег абяцаў вялікі ўраджай грыбоў, калі ў гэты дзень цёплае надвор’е – збожжа ўзыдзе густа. Калі на Вадохрышча воблака на небе, чакалі добрага году, неба чыстае – год будзе неўрадлівым. Калі на Вадохрышча завея, ідзе снег, лета будзе ўраджайнае, а калі снег пагне сукі на дрэвах, значыць на ўсё можна чакаць выдатны ўраджай, а пчолы будуць добра раіцца.

 

15 студзеня – Сільвестр. У гэты дзень чысцілі курнікі. Вешалі чорны камень з дзіркай – «курынага бога» – ад дамавіка.

16 студзеня – Гардзееў дзень. У гэты дзень нельга выхваляцца ні сваім дабром, ні здароўем, ні дзеткамі – усё Гардзей адніме.

17 студзеня – Зосім. Апякун пчол. Снег на дрэвах сукі прыгне – улетку пчолы раіцца будуць.

18 студзеня – калядная куцця, апошнія калядныя варожбы. Апоўначы ходзяць на раку за вадой, якой прыпісваюць гаючыя ўласцівасці. Ваду гэтую трэба дбайна ахоўваць.

19 студзеня – Вадохрышча. Цяпло, туман, снег, шэрань служаць самымі спрыяльнымі прыметамі для будучага ўраджаю. Калі палонка поўная вады, разводдзе будзе вялікім.

20 студзеня – Іаан Хрысціцель. Пачыналіся вячоркі з працай. Пачатак зімовага мясаеда. Да Масленіцы засылаюцца сваты і гуляюцца вяселлі.

21 студзеня – Емяльян Зімовы. Ад гэтага дня пайшла прымаўка «Мялі, Ямеля…». У гэты час у доўгія зімовыя вечары распавядалі казкі і гісторыі. Калі на Емяльяна падзьме з поўдня, лета будзе з навальніцамі.

 

Фота: Янка Габіс

Ілюстрацыя на застаўцы http://www.myjulia.ru