У Гродна прыйшло маршрутнае тэлебачанне
Як паведаміла “Твайму стылю” яго дырэктарка Кацярына Чэрнік, праект распачаўся ў снежні.
Для відэа рэкламы ў транспарце ўсталёўваецца дастаткова сур’ёзнае абсталяванне.
Яно працуе незалежна ад кіроўцы і пасажыраў: уключаецца, як толькі аўтобус заводзіцца і выключаецца, калі сканчаецца змена.
На дадзены момант мантаж абсталявання практычна завершаны.
Гродзенскае маршрутнае тэлебачанне пакуль робіць націск на забаўляльным і сацыяльным накірунках.
К.Чэрнік: “Хочацца крыху падняць настрой у людзей у транспарце. Рэкламныя ролікі працягам да 30 секунд кожны, будуць дэманстравацца блокамі па 3-4. Паміж імі пасажыраў будуць забаўляць музычнымі кліпамі, караценькімі мульцікамі, цікавай пазнавальнай інфармацыяй”.
Стваральнікі першага маршрутнага тэлебачання ў Гродна разлічваюць, што альтэрнатыўны і больш танны канал распаўсюду інфармацыі будзе карыстацца попытам сярод тых, хто хоча прарэкламаваць свае тавары і паслугі.
Тым больш, што “БЛЭК ПАВЭР” бярэцца дапамагчы і ў стварэнні рэкламных ролікаў.
Адзін паказ відэароліка каштуе ўсяго 150 рублёў.
Аднак, калі ўлічыць, што ён будзе круціцца двойчы на гадзіну ў 20 аўтобусах, якія працуюць па 10 гадзін, то за 15 дзён набягае 900 000 рублёў.
Затое за гэты час пра вас даведаюцца сотні пасажыраў экспрэсных аўтобусаў.
Фота з сайта http://www.mt-dz.ru