Нескароны мастак: пра горад, палітыку і «тыя самыя» карыкатуры
– Наколькі мне вядома, вы зараз – мастак-пастаноўшчык у драматычным тэатры?
– На дадзены момант так, пайшоў працаваць на «панскі хлеб» (смяецца).
– Што ўваходзіць у вашыя «абавязкі»?
– Я – пастаноўшчык, які робіць эскізы дэкарацыяў, эскізы касцюмаў да любога спектакля, які даюць мне ставіць… А майстэрні па бутафорыі, ці швейныя майстэрні працуюць ужо па маіх эскізах, то бок фактычна дэкарацыі любога спектакля, даручанага мне, і касцюмы актораў – гэта «я».
– Вы і Генадзь Мушперт, як рэжысёр-пастаноўшчык, фактычна адначасова прыйшлі ў Драматычны тэатр… Ці значыць гэта пачатак новай эпохі ў пастаноўках, нейкі новы стыль?
– Я прыйшоў у тэатр трошкі раней, і калі пачуў, што Мушперт вяртаецца, то быў узрадаваны, а калі мы сустрэліся ў тэатры, то і ў яго была аналагічная рэакцыя: мы з ім ужо не раз кантактавалі па прафесійных каналах у былыя часы. Нават хацелі адзін спектакль паставіць разам, але час быў такі, што то фінансавання не было, то яшчэ што-небудзь… Таму не атрымалася. А зараз і ён і я сапраўды спадзяемся, што запрацуем ад душы і шмат чаго паставім. Першае, дарэчы, што плануем ставіць, гэта «Палёт над гняздом зязюлі».
– Вас ведаюць як мастака-нонканфарміста, які доўгі час быў «у контрах» з уладамі. А зараз атрымліваеце сваю майстэрню, пасаду ў тэатры: нешта змянілася звонку ў краіне ці, мажліва, у вашым светапоглядзе?
– Я, як быў так і застаўся на ранейшых прынцыпах і ідэалах. Не ў тым плане, што мае ідэалы, як кажуць, «непарушныя». Я чалавек, які можа вельмі хутка адаптавацца да любых абставін і ўнікаць у любую сітуацыю. Нават у палітычным плане я магу ісці на нейкія кампрамісы, бо ўсё павінна змяняцца: і ў палітыцы, і ў чалавеку, нават у мастацтве. Паўсюдна.
Справа ў тым, што мае погляды на культуру, на палітычную сітуацыю ў нашай краіне якімі былі, такімі і засталіся, а вось людзі змяняюцца – нават тыя, якія раней былі пры ўладзе. Я гэта добра ведаю, таму што кантактаваў шмат з кім з уладных структураў і раней, і зараз: дзесці бачымся, на нейкіх імпрэзах сустракаемся… А горад маленькі!
Я бачу, што змяняецца светапогляд у людзей і ва ўладных структураў. Дарэчы, ён даўно зменены і ніколі не быў такім, якім выдаецца на інфармацыйным полі – людзі ўсё бачаць, усе ж нармальныя асобы. Час змяняе сітуацыю, а людзі даўно гатовыя яе прыняць, і таму тады, калі, напрыклад, я атрымаў майстэрню, я не здзівіўся, таму што мне сказалі: «А каму яшчэ даваць?». Вось такія забаўныя штукі. Скажу шчыра: усе даўным даўно гатовыя жыць у іншым свеце. Людзі ў Беларусі, тым больш у Гародні, не займаюцца самападманам, пачынаючы ад прадстаўнікоў улады і скончваючы самым апошнім працоўным.
align=”left” >– Усе мы памятаем падзеі 90-х гадоў: гісторыю з карыкатурамі ў газеце «Пагоня», выдадзеныя знакамітым буклетам… Штурм лялечнага тэатру міліцыяй з мэтай знайсці гэты буклет. Як вы зараз успрымаеце гэтыя падзеі?
– Вельмі станоўча. Я заўсёды з гонарам адносіўся да гэтага ўчынку, я не адмаўляюся ні ад адной сваёй карыкатуры і зараз. На той момант, дзякуй Богу, былі газеты і было месца, дзе гэта друкаваць. Каб для гэтага была мажлівасць зараз, я гэта рабіў бы, але мажлівасці гэтай, на жаль, няма. А «партызаніць» па інтэрнэтам і ўпіхваць гэта туды…
Я рабіў карыкатуры не для тых, хто лазіць па інтэрнэтах, бо гэта ў асноўным моладзь, якая і без мяне знойдзе тое, што трэба. Я ўсё ж такі рабіў для большага кола чытачоў, для звычайнага абывацеля, якому хацеў данесці свой погляд на сітуацыю. Шчыра кажучы, я нават удзячны тым уладам, якія на мяне так адрэагавалі, за тое, што яны мне зрабілі такі піяр. Я ўвесь час пра гэта кажу. Усё змяняецца: зараз у мяне вельмі шмат ідэй узнікае наконт карыкатур і на апазіцыйных дзеячоў.
– Як, па вашам меркаванні, мастак павінен ставіцца да палітыкі?
– Ведаеце, калі мастак не будзе заўважаць палітыку, то палітыка прыйдзе да яго сама. Не можна жыць у грамадстве і не заўважаць гэтае грамадства. Быць такім, як кажуць па-руску «блажэнным», «юродзівым»… Каб жыць і казаць «я жыву толькі мастацтвам і нічога не заўважаю» – гэта самападман. Такім чынам можна жыць без усяго: у кляштары, напрыклад, гэта спосаб схавацца ад жыцця. Таму што ні адзін чалавек не можа жыць без усведамлення таго, дзе і ў якім стане ён жыве. А тым больш чалавек, выхаваны на прынцыпах камсамольскіх і партыйных. З самага дзяцінства мне казалі, што чалавек мусіць быць актыўным і ўдзельнічаць у жыцці грамадства. Дзякуючы камсамолу, я такі (смяецца). Добрае выхаванне было: піянерыя, камсамол…
– Калі звярнуцца да нашых лакальных праблем: як вы ставіцеся, як мастак, да рэканструкцыі гістарычнага цэнтру Гародні?
– Як мастак, вядома, я бачу вельмі шмат хібаў. Тыя людзі, якія змяняюць наш горад, у ім не жылі. А калі нават жылі фізічна, яны гэтага гораду не бачылі і ніколі не ўбачаць. Так і памруць, не ўбачыўшы. Таму вельмі шмат хібаў, вельмі шмат ляпаў… Я заўсёды быў за рэканструкцыю. Я ўвогуле не разумею людзей, якія хочуць захаваць нейкую архаіку, то бок, бур’ян па калена каля Старога і Новага замкаў – маўляў, лепш было б так. Не!
Паглядзіце на тую ж Еўропу, куды мы ўсе імкнемя, дзе, як кажуць, «змешаны мох з балотам» – там ужо ўсё даўно перакрамсалі. Ісці па іх шляху, і па тым шляху, які зараз рэалізуюць у Гародні, не трэба. Хіба што на дадзены момант мы, пачынаючы зверху, з улады, і да апошняга чалавека, не усвядомілі, дзе мы жывем і якую каштоўнасць мы маем. І таму, мабыць, гэта – дзіцячая хвароба «свінка» (усміхаецца). І абкладзеныя плітачкай тратуары – гэта хвароба.
З часам гэта зменіцца, дзесьці плітка будзе прыбрана, і я больш чым упэўнены, што на Савецкай плошчы паўстане ратуша. І месца для яе ёсць, дзякуй Богу, там не паставілі нейкі хмарачос. Гэта ўсё часова. Як і ўсё, зрэшты…
Быў жа на месцы сённешняй Савецкай плошчы, там дзе танк стаіць, цэлы раён горада, прыляцелі бамбардзіроўшчыкі і, бачыце, маем зараз «велькі пляц». А заўтра? Прыедуць два бульдозеры, і праз год тут будзе… ратуша. Нічога дзіўнага не адбываецца. Адбываецца працэс рэканструкцыі, то бок, мы некуды ідзем – гэта вельмі важная дэталь. Гародня вартая добрай шліфоўкі, «выкшталцэння» знешняга, але як яно адбываецца, зноў жа… Мы занадта мала яшчэ жывем незалежна, бо нават не гатовыя вырашаць існуючыя праблемы самі: мы заўсёды зналі, што ў Маскве вырашаць і нам дашлюць, ці ў Менску вырашаць. Дойдзем да «свайго», з часам дойдзем. Галоўнае, што працэс ідзе, і ідзе ён наперад. Усё зробіцца, не трэба прыспешваць час!
– Што вы пажадалі б нашым чытачам на заканчэнне?
– Заўсёды, атрымліваючы інфармацыю, не слухаць і даваць веры, скуль бы яна не паходзіла, але абавязкова аналізаваць у сабе, аналізаваць усё, што адбываецца. Калі цягнуць у адзін бок, а з другога боку інфармацыя процілеглая, то як раз праўдзівая інфармацыя ёсць недзе пасярэдзіне. Таму я заўсёды раю: думайце, думайце, думайце. Чытайце і заўсёды думайце.
“Аўтапартрэт” мастака