Рух “За Свабоду” змагаецца за месцы ў выбаркамах
Колькасны склад абласной камісіі 9-12 чалавек.
Паводле новага выбарчага заканадаўства, выбарчыя камісіі на трэць мусяць фармавацца з прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў.
Алесь Зарэмбюк:
− Пад час папярэдніх выбарчых кампаніяў ніводзін наш прадстаўнік не трапляў у выбарчыя камісіі, зараз адбыліся касметычныя змены ў выбарчым заканадаўстве і камісіі мусяць быць на траціну сфармаваны з прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і палітычных партый, таму мы вылучылі 14 чалавек, каб у прадстаўнікоў улады быў выбар уключыць найбольш прафесійных на іх думку актывістаў Руху “За Свабоду” у Гродзенскую абласную выбарчую камісію.
Ад таго, якім чынам будзе сфармавана камісія можна будзе меркаваць пра намер улады правесці адкрытыя і свабодныя выбары ў красавіку 2010 года.
Гэта будзе першы тэст на дэмакратычнасьць для ўладаў: альбо сябрамі камісій стануць людзі з праўладных арганізацый, кшталту “Белая Русь”, БРСМ, Беларуская Аграрная партыя, Рэспубліканская партыя, Беларуская патрыятычная партыя, альбо ў склад выбаркамаў трапяць прадстаўнікі Руху “За Свабоду”, АГП, Партыі БНФ, “Зялёныя”, БХК ды іншых дэмакратычных структураў.
Гарадзенскі каардынатар Руху не вельмі аптымістычна ацэньвае шансы дэмакратаў трапіць у сістэму выбаркамаў, але адзначае, што сам працэс вылучэння дэмакратычных прадстаўнікоў у камісіі шляхам збору подпісаў важны для пашырэння камунікацыі з насельніцтвам.
Праз некалькі гадзін пасля перадачы ў аблвыканкам заявы на ўключэнне ў склад Гарадзенскай абласной выбарчай камісіі, аднаго з кандыдатаў, Мастоўскага актывіста Алега Пронскага, папрасілі тэрмінова з’явіцца ў ваенкамат.
На наступны дзень кіраўніцтву СВК імя Адама Міцкевіча, дзе Пронскі працуе брыгадзірам у раслінаводстве, па тэлефоне загадалі прывезці актывіста ў Мастоўскі райваенкамат, дзе маёр Рэмез уручыў яму позву.
Алег Пронскі мусіць атрымаць накіраванне ў вайсковую частку для адбыцця тэрміновай службы.
Паводле http://by.milinkevich.org
На фота: Алесь Зарэмбюк
Фота з сайта http://masty.belarda.org