Фантазіўм доктара Гільяма

|

«Фантазіўм доктара Парнаса» гэта новы доўгачаканы фільм аднаго з самых цікавых незалежных амерыканскіх рэжысёраў Тэры Гільяма. Гэта падарожжа ў бясконцы сусвет чалавечай фантазіі, паглыбленне ў мора ідэй старога ўжо казачніка.

 

Сам «Фантазіум» – незвычайны вандроўны тэатр, быццам перанесены з часоў Шэкспіра ці фільма «Розэнкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя». Фантазіўм – гратэскны і камічны след мінулага ў сучасным Лондане – адзінае што ёсць у калісці несмяротнага доктара Парнаса, стомленага жыццём чарадзея.

 

«Фантазіўм» – вяртанне да першых самастойных фільмаў Гільяма, перадусім нефармальнай трылогіі «Бандыты часу»/ «Бразілія» /«Прыгоды барона Мюнхгаўзена», знятай больш за 20 год таму. Буйства фарбаў і амаль барочны размах – пазнавальныя рысы яго творчасці. Тэматыка ўсё тая ж – бязмежнасць уяўлення, глыбіня фантазіі, моц простай магічнай гісторыі запісанай на старонках запыленай кнігі.

 

У Фантазіуме пазнаецца ўсё – ад кожнага незвычайнага (а для Гільяма акурат тыповага) павароту сюжэта да канцоўкі, няпростай, недназначнай, як заўсёды. І вось тут пачынаюцца праблемы. Тое, што можа захапіць новых гледачоў, для старых прыхільнікаў можа паказацца другаснай халтурай. Ад выбітных рэжысёраў чакаеш выбітных дасягненняў, а не падагрэтых катлет. Звычайная справа.

 

Не так істотна, што ў фільме трапляецца колькі незразумелых момантаў. Кепска тое, што ў ім ёсць моманты занудныя. Хібы ў самой канструкцыі сюжэту: спачатку доўгі час амаль нічога не адбываецца, затое канцоўка надзвычай дынамічная і, на жаль, кароткая. Хаатычнасць таго, што мы бачым на экране яшчэ больш ускладняе ўспрыманне.

 

Моцны бок стужкі: зорная кампанія актораў, якія замянілі Хіта Леджэра, пасля яго смерці ў часе здымак. Джоні Дэп, Джуд Ло і Колін Фарэл – альтэр эга Леджэра, калі той пераходзіць праз чароўнае люстра, у магічны свет Фантазіума. Том Уэйтс ідэальны ў ролі азартнага д’ябла, Крыстафер Пламэр у тытульнай ролі. Але нешта не спрацоўвае.

 

Мабыць, Гільям проста стаміўся змагацца з прадзюсерамі і непрыхільным лёсам. З першымі – за кожны даляр бюджэту, з другім – наогул за магчымасць стварыць нешта. Серыя няшчасных выпадкаў не дазволіла Гільяму зняць свой самы .доўгачаканы фільм – «Чалавека, які забіў Дон Кіхота». Здымкі «Фантазіума» былі амаль сарваныя смерцю спачатку аднаго з прадзюсераў, потым Хіта Леджэра і кантузіяй Гільяма. З такой колькасцю праблем цяжка дапрацаваць нешта да ўзроўню шэдэўра.

 

Фантасмагорыя Гільяма перарасла яго рэалізатарскія магчымасці. І «Фантазіум» – яўна не Парнас для яго. Гэта проста новы фільм Гільяма і апошні фільм Леджэра – ужо таму прапусціць яго нельга. Толькі не чакайце чагосці надзвычайнага.

 

Фільм: Фантазіўм доктара Парнаса / The Imaginarium of Doctor Parnassus, 2009 г., Велікабрытанія-Францыя-Канада, 122 хв.

Рэжысёр: Тэры Гільям

Жанр: казачная фантасмагорыя

Асабістая ацэнка: 6