Начная пагоня на вуліцах Гродна
Як паведамілі “Твайму стылю” у прэс-службе гарадзенскай абласной ДАІ, кіроўца БМВ не спыніўся па загаду інспектара, які нёс службу на вул. Перамогі.
У пагоню за ўцекачом рушыў аўтамабіль ДАІ з уключанымі “маячкамі”.
Спыніць уцекача ўдалося толькі на Індурскай шашы.
Кіроўца патлумачыў, што не заўважыў інспектара ды прызнаўся, што перад тым, як сесці за руль, выпіў каля 2,5 літраў піва.
Падобная гісторыя мела месца 28 студзеня ў Скідалі. Супрацоўнікі ДАІ спрабавалі спыніць на выездзе з запраўкі “Опель”, якім кіраваў 36-ці гадовы жыхар Шчучынскага раёну. У салоне разам з ім былі таксама яшчэ два яго знаёмыя.
Дзяцюк не падпарадкаваўся камандзе міліцыянтаў ды пачаў уцякаць у бок Ваўкавыску. Пагоня скончылася на мяжы Мастоўскага і Ваўкавыскага раёнаў, калі ўцякач убачыў аўтамабіль другога нараду ДАІ, які чакаў яго наперадзе.
Выходзіць з аўтамабіля дабраахвотна кіроўца не захацеў, спробам выцягнуць яго з салона супраціўляўся, з-за чаго інспектарам ДАІ давялося нават надзець на яго кайданкі.
Пазней высветлілася, што мужчына таксама быў нападпітку.
Абодвух гора-кіроўцаў чакае пазбаўленне правоў і вялікі штраф.
Ілюстрацыя: caricatura.ru