Фірму «Палоніка» аштрафавалі на 71 міліён

|

Гарадзенская падатковая інспекцыя палічыла атрыманыя “Палонікай” грошы гуманітарнай дапамогай, якой арганізацыя распараджалася з парушэннем заканадаўства.

Справа была перададзеная ў абласны гаспадарчы суд, паседжанне якога мусіла адбыцца ранкам 5 лютага, але было перанесена на панядзелак.

Аднак у пятніцу кіраўніца “Палонікі” Анжаліка Борыс атрымала павестку ў суд Ленінскага раёна г. Гродна, дзе і было вынесена рашэнне пра штраф.

Непрыемнасці для кіраўніцтва фірмы на гэтым не скончыліся. У ноч на 6-га лютага невядомыя прапаролі колы ў двух аўтамабілях, якія належылі “Палоніцы”, а таксама аблілі іх блакітнай фарбай.

Фірма “Палоніка” займалася навучаннем польскай мове, ладзіла канцэрты, выставы, іншыя культурніцкія акцыі.

Сярод яе супрацоўнікаў былі многія актывісты польскага руху, якія не прызналі арганізаваных беларускімі ўладамі вынікаў выбараў кіраўніцтва Саюза палякаў у 2005-м годзе.

Пасля тых падзеяў у краіне фактычна сталі існаваць два Саюзы палякаў – афіцыйны на чале са Станіславам Сямашкам, які падтрымліваецца і фінансуецца беларускімі ўладамі, але не прызнаецца ўрадам Польшчы, і непрызнаваемы ўрадам Беларусі Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс.

Польскі ўрад шматразова выказваў сваю занепакоенасць ціскам на актывістаў польскага руху на Гарадзеншчыне.

Сітуацыя вакол “Палонікі” і Саюзу палякаў мае стаць адным з найбольш вострых пытанняў, якія будуць абмяркоўвацца ў час запланаванага на 12 лютага візіту ў Варшаву міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава.

 

Фота: telegraf.by