Сустрэчу для тых, хто любіць птушак, ладзіць Гарадзенскае АПБ

|

У праграме: паведамленні беларускіх і польскіх арнітолагаў, відэаконкурс для падлеткаў на веданне птушак, слайд-шоў “Птушкі Аўгустоўскай пушчы”, прэм’ера навукова-папулярнага беларускага фільма “Тры дні ў Белавескай пушчы”, слайд-шоў “Птушкі Гарадзеншчыны” гарадзенскіх аўтараў Дзмітрыя Якубовіча і Віталя Гуменнага, падвядзенне вынікаў конкурсаў на веданне птушак і ўзнагароджанне пераможцаў у намінацыях: “Лепшыя фотаздымкi году”, “Лепшыя клубы “Крылаты дазор”, “Лепшы артыкул у “Кабцы”, “Лепшы арганізатар сустрэч сябраў АПБ з Гарадзеншчыны”, “Лепшыя журналісты” ды іншых.

Перад пачаткам канферэнцыі будзе адкрыта выстава конкурсных фотаздымкаў “Нашы птушкі-2010”, дзе кожны зможа прагаласаваць за пяць лепшых здымкаў птушак, зробленых гродзенскімі фотамастакамі ў 2009 годзе і выстаўленых на гэтай выставе, замовіць здымкі для сябе.

Вызначаныя такім чынам пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы.

Пад час канферэнцыі можна будзе набыць або замовіць майкі-саколкі з выявай Пустальгі-Птушкі 2010 году, палявыя вызначальнікі “Птушкі Еўропы” на беларускай мове, відэавызначальнік на DVD “Птушкі Беларусі. 130 відаў” з кароткімі фільмікамі для вызначэння, CD з галасамі і здымкамі “Птушкі Еўропы” і “Галасы Птушак Беларусі”, Беларускія арніталагічныя бюлетэні “Subbuteo” за розныя гады, кнігі, часопісы, календары, налепкі.

Канферэнцыя ладзіцца 20 – 21 лютага ў гімназіі №1 імя акадэміка Я.Карскага, пр-т Янкі Купалы, 82.

Пачатак у 10.00.

Аргкамітэт канферэнцыі будзе ўдзячны ўсім, хто мае жаданне дапамагчы ў арганізацыі і правядзеньні канферэнцыі.

Кантакт з аргкамітэтам – тэл.(0152) 730-118, маб. +375-336-887589, эл.пошта: harrier@tut.by

На здымку сябры Гарадзенскай абласной арганізацыі АПБ Фота А.Храмогінай з сайта http://ptushki.org