“Экадом” распачаў незалежную экспертызу праекта будаўніцтва АЭС
У распаўсюджанай учора заяве “Экадому” гаворыцца, што грамадская экалагічная экспертыза праводзіцца ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам.
Паводле І.Нікітчанкі, грамадская экспертыза неабходна для таго, каб даць аб’ектыўную ацэнку праекта: ” Ужо цяпер, вывучыўшы інфармацыю, якую мы маем, я магу сказаць, што не знайшоў важкіх доказаў неабходнасці АЭС, асабліва ў такім выглядзе, у якім яна прапаноўваецца. Адчуваецца, што яе будаванне рыхтуецца ў вялікай спешцы”.
Старшыня савета грамадскага аб’яднання “Экадом” Ірына Сухій лічыць, што грамадская экспертыза асабліва неабходна такому небяспечнаму аб’екту, як АЭС.
І.Сухій: “Гэта для грамадскасці яшчэ адзін інструмент удзелу ў прыняцці рашэнняў у рамках закона, адстойвання сваёй думкі ў адпаведнасці з Орхускай канвенцыяй. Гэтая грамадская экспертыза – першы вопыт за апошнія некалькі гадоў, і яна важная як спосаб аргументаванай незалежнай ацэнкі”.
Пра намер правесці грамадскую экалагічную экспертызу праекта будаўніцтва АЭС “Экадом”, Беларуская партыя “Зялёныя” і міжнародная група “Экаабарона” заявілі яшчэ ў лістападзе мінулага года, а ў снежні звярнуліся ў Міністэрства энергетыкі і ДУ “Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі” за неабходнымі дакументамі.
Эколагі дагэтуль чакаюць атрымання ўсёй неабходнай дакументацыі.
Пакуль работа вядзецца з наяўнай інфармацыяй, якой, на думку экспертаў, дастаткова для папярэдняй ацэнкі праекта АЭС.
Сваю папярэднюю ацэнку грамадская экспертная камісія абмяркуе на адкрытым пасяджэнні з удзелам прадстаўнікоў грамадскасці і прэсы, а затым афіцыйна перадасць у Мінпрыроды.
Паводле http://belapan.com
Фота з сайта http://www.pim.org.ru