Самы надзейны спосаб уборкі – суботнік

Кевін – жыхар былой вёскі Грандзічы, а зараз паўнапраўны «гараджанін» (праўда, акрамя дадатковых камунальных выплат ад свайго новага статусу ён нічога не мае) распавёў аб тым, як пасля багатых снегападаў прыходзіцца браць шуфлю ў рукі і літаральна пракладаць дарогі для сябе і сваёй машыны. Але пры гэтым ён плаціць падатак за ўборку вуліцы.

 

Мы адправіліся ў УЖРЭП. Будынак упраўлення ўпрыгожвала выключна зімовая атрыбутыка: вялікія і, што хаваць, прыгожыя ледзяшы. Мы нават падбадзёрыліся: мабыць, камунальнікі столькі сіл аддаюць добраўпарадкаванню горада, што ў сябе прыбраць не паспяваюць.

 

Ва УЖРЭПе нам ветліва растлумачылі, што даставаць аўто з-пад снегу і пракладаць шляхі ад веснічкаў да дарог павінны жыхары. А за ўборку дарог адказвае спецыялізаваная аўтагаспадарка (САГ).

 

Сакратарка дырэктара аўтагаспадаркі прапанавала нам пачакаць, пакуль яе начальнік вызваліцца. «Пачакаем», – мы прыселі на крэслы ўпэўненыя, што зараз ўсё даведаемся пра Грандзічы і распавядзем Кевіну, як яму быць. Неўзабаве сакратар выйшла, а мы мімаволі падслухалі кавалачак дыялогу:

 

– … звяртайцеся ў УЖРЭП, – грозна параілі ў кабінеце.

–  Ды пайшлі вы! – з-за дзвярэй выскачыў раз’юшаны мужчына.

 

«Напэўна, ён ужо пабываў ва УЖРЭПе, і як бы нас зноў туды не паслалі», – падумалі мы. А праз пару хвілін дырэктар аўтагаспадаркі Валерый Мікалаевіч Лісавец нам растлумачыў: – Мы прыбіраем толькі магістральную частку дарогі. І скаргаў да нас ніякіх не паступала.

 

А хто павінен прыбіраць іншыя, немагістральныя, «маленькія» дарогі і завулкі ў Грандзічах мы так і не высветлілі. Кевін працягвае грэбсці снег і «ствараць» дарогі пасля кожнага снегападу і плаціць камунальны збор за чыстку.

 

Цікава, як вынаходліва паступіў у цяперашняй снежнай сітуацыі ЖЭС-14: арганізавалі суботнікі, выдалі інвентар жыхарам, якія самі ўсё і расчысцілі. Заадно пагутарылі, папрацавалі і падыхалі свежым марозным паветрам.

Фота prosto_free