Канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча ў Гродне: глядзі і слухай
Гэта быў, бадай што, самы цёплы і душэўны канцэрт у Гродне за апошнія гады.
Расчулены спявак не раз і не два прызнаваўся гарадзенцам у каханні і атрымліваў не менш цёплыя пачуцці ў адказ.
>
Адметнасцю выступаў Вайцюшкевіча даўно з’яўляецца яго здольнасць наладзіць кантакт з заляй.
Вось і гарадзенцы з першых хвілінаў прыпявалі ды пляскалі ў далоні, наўзлёт лавілі жарты артыста, разам з ім пускалі слязу ў час песні пра сцяг.
Сапраўдны фурор зрабіла новая песня Вайцюшкевіча пра беларускіх мужчын.
– Беларускі мужчына жыве ў самым цэнтры Еўропы.
Калі верыць мапе – у гэтым самым цэнтры стаіць канапа і беларускі мужчына ляжыць на канапе…
Яго дом перажыў рамонт, яго кот перажыў кастрацыю…
Ён кажа, што можа быць горш – і ён мае рацыю!
Здаецца, гэтак трапна слабасці моцнай паловы беларусаў яшчэ не перадаваў у песні аніводзін з выканаўцаў.
У канцы канцэрта ў чаргу па аўтограф да спявака стала ці не палова залі.
Без увагі Вайцюшкевіча не засталіся і самыя маленькія аматары яго творчасці.
Фота Вітаўта Рудніка