Пасварыўшыся з сям’ёй, спаліў дачку і ўнука
Пажар здарыўся ў суботу ў вёсцы Монькавічы (Мастоўскі раён).
У абласным МНС паведамілі, што выклік паступіў у 15.02.
Пажар патушылі праз паўгадзіны, аднак дах і перакрыцці цаглянага дома згарэлі, а на пажарышчы знайшлі два целы.
Яшчэ чатыры чалавекі, якія знаходзіліся ў доме падчас пажара, шпіталізаваныя.
Найбольш пацярпеў муж загінулай жанчыны: з апёкамі 40% цела мужчына знаходзіцца ў рэанімацыі.
Там жа жонка гаспадара дома з апёкамі 20% цела.
У бальніцу трапілі таксама знаёмая сям’і – апёкі 12% цела і сын гаспадара з 5 % апёкамі.
Следства зрабіла папярэднія высновы, што дом падпаліў сам гаспадар, які працуе качагарам у бальніцы.
Суседзі паведамілі, што напярэдадні мужчына нападпітку пасварыўся з сям’ёй і пагражаў спаліць хату.
Пажар пачаўся, калі ўсе разышліся па пакоях, а гаспадар застаўся адзін на кухні.
Мужчына затрыманы. Супраць яго распачата крымінальная справа.