Актывісты польскага руху зноў затрыманыя пад Валожынам (абноўлена)
Актывісты арганізацыі накіроўваліся ў суд Валожынскага раёна (Мінская вобласць), каб падтрымаць кіраўніка Івянецкай арганізацыі СПБ Тарэсу Собаль.
>
Анжаліка Борыс паведаміла ў інтэрв’ю Польскаму Радыё, што ехала на суд у якасці сведкі.
Тарэса Собаль абвінавачваецца ў захопе Польскага Дома ў Івянцы. Пазоў у дачыненні да яе падаў старшыня афіцыйнага СПБ, гарадзенскі прадпрымальнік Станіслаў Сямашка.
Мы датэлефанаваліся да сп-ні Борыс, якая паспела сказаць, што едзе ў Валожын і што яна не можа пакуль даўжэй размаўляць па тэлефоне. Пазней высветлілася, што ўжо ў Валожыне яе затрымалі міліцыянты і прымусова адвезлі ў пастарунак. Адтуль яе вызваліў польскі консул Марэк Новак.
Консул прывёў Анжаліку Борыс да будынка суда, але іх не пусцілі ў будынак, спаслаўшыся на тое, што яны спазніліся на разгляд справы.
У выніку суд прыняў рашэнне, што Польскі Дом павінен перайсці ў валоданне афіцыйнага СПБ.
У апошнія дні было зафіксавана ўжо некалькі затрыманняў актывістаў неафіцыйнага СПБ.
15 лютага ля Валожына былі затрыманы прыблізна 40 актывістаў і кіраўнікоў арганізацыі, якія ехалі на першае судовае паседжанне па справе Собаль.
У гэты ж дзень за правядзенне несанкцыянавага мітынгу ў Гродне, які адбыўся 10 лютага, Анжаліка Борыс была аштрафавана на адзін міліён рублёў, а яе паплечнікі – Андрэй Пачобут, Ігар Банцар і Мечыслаў Яскевіч — асуджаны на пяць сутак арышту.
Сёння пад сценамі ізалятара, дзе яны адбываюць пакаранне, адбыўся малебен, удзел у якім брала каля 60 чалавек. Такім чынам вернікі імкнуліся паказаць сваю падтрымку зняволеным актывістам СПБ.
Сітуацыя вакол Польскага дома ў Івянцы ўжо выклікала дыпламатычны скандал.
Польскі ўрад ужо склаў спіс беларускіх грамадзян, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю Польшчы і заявіў пра магчымае ўвядзенне іншых санкцый супраць Беларусі.
Міністэрства замежных справаў Беларусі, у сваю чаргу, выказала занепакоенасць “антыбеларускай кампаніяй у Польшчы”.
Храналогію развіцця падзеяў у Івянцы можна адсочваць тут.
Фота: Томаш Пачос, fakty.interia.pl i Юлія Дарашкевіч, “Наша Ніва”