Чыгуначнік з Гродна разгоніць познаньскі лакаматыў

|

Карэспандэнт «Przeglądu Sportowego» сустрэўся з бацькамі і першым трэнерам футбаліста ды даведаўся шмат цікавага пра дзяцінства беларуса. Прапануем найбольш цікавыя вытрымкі з гэтага інтэрв’ю.

 

Будзе хлопчык!

Чэрвень 1986-га. Слава мае 23 гады, яго жонка Ніна – 19. Праз некалькі тыдняў у іх мае нарадзіцца дзіця. Сталая жанчына ў шпіталі, зірнуўшы на жывот, упэўнена сказала: – Будзе дзяўчынка, прыгожая! Слава запратэставаў: «Не, будзе хлопчык і ён стане футбалістам». Так яно і здарылася!

 

TIR-ы ў Беластоку

Слава і Ніна згадваюць першы буйны турнір Сяргея. У 12 год ён накіраваўся ў Беласток на святкаванне 50-годдзя заснавання клубу «Гетман». У гарадзенскай камандзе гулялі хлопцы на год маладзейшыя за супернікаў з польскіх «Ягелоніі», «Віслы», «Слёнску», «Палоніі», але каманда Сяргея апярэдзіла іх усіх.

 

Для Сяргея гэта быў першы такі досвед: паўсюль журналісты, тэлебачанне, прыгожыя ўзнагароды…

 

– Ён прывёз шмат прысмакаў, чыпсаў, плакаты, сувеніры, майкі! Гэта быў адзін з самых шчаслівых дзён у яго жыцці, – кажа Ніна Крывец.

 

У Польшчу Сяргей ездзіў і раней. Яго бацькі гандлююць парфумай у Гродна на рынку «Карона». У пачатку 90-х яны завозілі з Польшчы ўсё, што маглі. Малы Сяргей часта ездзіў з імі. Ён назіраў на памежным пераходзе за вялікімі грузавікамі і запамінаў надпісы на іх.

 

Мама футбаліста дастае альбом. У ім – некалькіх тысяч грузавікоў, выразаных з паперы. Усе адзін у адзін паўтараюць убачаныя канструкцыі, надпісы з назвамі транспартных фірмаў на тэнтах.

 

– Менавіта з-за гэтых грузавікоў Сяргей так любіў ездзіць у Польшчу, – кажа Ніна.

 

«Сямейны бізнэс»

Вячаслаў Крывец дастае свой альбом. У ім адлюстравана ўся кар’ера сына. Гэта «сямейны бізнэс»: Сяргей гуляе і забівае галы, яго бацька збірае газетныя нататкі, а мама прыклейвае фотаздымкі. Бацькі паказваюць першы здымак сына з мячом.

 

– Мы адпачывалі на Чорным моры ў Анапе. Знайшлі там добрыя мячы ды купілі недзе трыста штук. Два пакінулі для Сярожы, а рэшту прадалі клубу, – распавядае Слава.

 

Гэта быў пачатак іх прадпрымальніцкай дзейнасці. Яшчэ некалькі месяцаў перад гэтым Слава працаваў на «Хімвалакне». Ад прадпрыемства сям’я атрымала кватэру плошчай…9 м²! Потым атрымалі большую – 17 м². Сёння Крыўцы жывуць у шматкватэрным доме непадалёк ад цэнтру гораду.

 

Ён быў такі маленькі!

У гэты час Сяргей гуляў у любым абутку. Калі яму ўдалося здабыць першыя футбольныя бутсы, то гуляў у іх аж пакуль тыя не парваліся. Пасля зашыў іх – і гуляў далей. Таму, калі Сяргей гуляў ужо за БАТЭ, то збіраў старую амуніцыю ад калегаў па камандзе ды прывозіў яе для дзяцей з гарадзенскай футбольнай школкі.

 

Бацька яшчэ ў пачатку 90-х быў актыўным заўзятарам футбольнага «Нёману» і марыў пра вялікую кар’еру сына. Сяргей падзяляў мары бацькі. У 8 год малодшы Крывец трапляе ў футбольную школу «Белкарда». Мама была супраць футбольнай кар’еры:

 

– Я бачыла, як для яго гэта важна, як ён стараецца. Але ён быў такі маленькі, худзенькі, значна меншы за сваіх аднагодкаў! Аднойчы Сяргей вярнуўся з трэніроўкі ў роспачы – яго не ўзялі ў зборную вобласці. Моцна тады плакаў… Я зразумела, як шмат значыць для яго футбол. Мы пачалі тады разам з ім бегаць па лесе, працаваць над хуткасцю…

 

Я і Зідан

Сяргей з самага пачатку дакладна ведаў, чаго ён хоча. Пасля таго, як Францыя стала чэмпіёнам свету па футболе, Крывец-малодшы захапіўся Зіданам (славуты французскі футбаліст – рэд.).

 

– Я спытала аднойчы: «Сярожа, ты чаму не хочаш есці кашу?». А ён мне адказвае: «Мама, я і Зідан не ямо кашы!». І надалей, калі што, увесь час казаў: «Я і Зідан…», – смяецца маці.

 

– Сяргей меў сшытак, у якім запісваў свае планы на будучыню, якія затым усімі сіламі намагаўся здзейсніць. Цяпер здаецца, што «Лех» ужо тады быў прапісаны ў яго планах, – кажа Слава.

 

Даведка «Твайго стылю». Сяргей Крывец нарадзіўся 8 чэрвеня 1986 г. у Гродне. Гуляў за «Белкард» (Гродна). У 15 год пераехаў у Мінск, дзе скончыў чыгуначны ліцэй ды пачаў гуляць за сталічны «Лакаматыў» (Мінск), з якога за 800 тыс. даляраў быў куплены ў барысаўскі БАТЭ. У складзе гэтай каманды стаў чатырохразовым чэмпіёнам Беларусі. У 2009-м г. быў прызнаны лепшым футбалістам Беларусі. У складзе нацыянальнай зборнай згуляў 4 сустрэчы. Гэтай зімой перайшоў у познаньскі «Лех», які заплаціў за гэты пераход БАТЭ больш за 400 тыс. еўра. На думку польскіх экспертаў, Сяргей Крывец мае ўсе шансы стаць адным з найлепшых футбалістаў сёлетняга чэмпіянату Польшчы.