«Шаноўная спадарыня, ці маглі б вы дапамагчы мне і…»

Пад рогат сяброў і з цудоўным відам на Нёман я адхлябнуў з куфля, які яшчэ нядаўна быў басейнам для маленькай, як іх называюць, хлебнай мушкі.

 

Я ўжо зразумеў, што чакаць іншага куфля ўзамен і бясплатна амаль так сама глупа як і замаўляць новы.

 

Гэта быў верасень 2009-га. І штосьці мне падказвае, што ў траўні, калі ізноў адчыняцца піўныя «падпарасолькі» каля бараў, у аналагічнай сітуацыі аналагічная афіцыянтка паступіць аналагічна і з мухаю, і са мною. Я атрымліваў кепскія адзнакі па матэматыцы ў школе і яшчэ горшыя – ва ўніверсітэце. І тым не менш, мне здаецца, што тэорыя верагоднасці і складаныя разлікі адназначна пацвердзілі б мае здагадкі. Яшчэ тэорыя верагоднасці нашаптала мне на вуха, што калі б я піў піва ў парку ды з гарла, то ніякая муха туды б не трапіла. А калі б і трапіла, то я б гэтага не заўважыў.

 

Але гэтак ужо не будзе. Цяпер нас абяцаюць штрафаваць ці нават сажаць на суткі за спробы ў сумове з тэорыяй верагоднасці падмануць гэтых гадкіх мух і піць з гарла. Вы чакаеце, што я зараз скажу «ай-яй-яй»? Ды не. Не падабаюцца мне дзяўчынкі, што п’юць піва проста з паўтарачкі, не падабаюцца мне хлопцы, якія ўжо выпіўшы, прабачце, сцуць на «ель обыкновенную» ў парку Жылібера. Бо хадзіць у туалет трэба ў фізічны туалет, а піць піва – не там, дзе нярвовыя маладыя мамы гуляюць з дзеткамі, а флегматычныя пенсіянеры чытаюць нясвежыя газеты.

 

Дрэнна, што за кепскі сэрвіс нам даводзіцца пераплочваць. Яшчэ горш, што да гэтага нас змушае дзяржава. Аднак я рашуча адкідваю версію, што нашыя парламентарыі, якія прынялі папраўкі ў Адміністратыўны кодэкс, былі ў змове з мухамі, што любяць піўныя ванны. Хоць часам і здаецца, што падобныя саюзы магчымыя. Дык вось, напэўна яны хацелі як лепш. Як напрыклад, хацелі «як лепш» у РАУСах і УУСах, горача падтрымліваючы «Дні цвярозасці». А потым, у гэтыя самыя дні, бліжэй да вечару, аказвалася, што п’яных у горадзе ў два разы больш, чым звычайна. Палова з іх закуплялася алкаголем на дзень раней бо «запас бяды не чыніць», а потым дзейнічала іншая прымаўка – «чаго дабру прападаць». Другая палова з-за спартыўнайга інтарэсу будавала з сябе чэргі ў барах і на нелегальных «кропках». Вось і прыехалі. Дзень цвярозасці, а Горадня – п’яная.

 

Дык вернемся да нашых мух. Разумныя кніжкі пішуць, што попыт нараджае прапанову. Але гэтыя кніжкі не настолькі разумныя, каб прадугледзіць такі фактар як лянота. Я ўпэўнены – бліжэйшым летам мы ўсе будзем даставаць мух са сваіх шклянак самастойна, бо афіцыянтак, самі ведаеце – «вас шмат, а я адна». А наведвальнікў напэўна будзе больш чым звычайна. Пры гэтым колькасць бараў і, прабачце, калі гэта ў нашым выпадку недарэчна, пабаў, кардынальна ў Горадні не павялічыцца. Бо дзяржава дбае пра нашую цвярозасць.