Сцюардэса па імені Таня
– Зусім не, я ўвогуле не разумею тых людзей, якія баяцца лятаць. Гэта паказчык таго, што чалавек увогуле нічога не ведае пра самалёты.
Адчуўшы прыступ сораму, змяніла тэму. Мне было цікава, як Таццяна стала сцюардэссай, таму што раней пра неба яна не марыла. Аказваецца, ва ўсім «вінаватая» сяброўка, якая два гады таму зацікавілася курсамі па падрыхтоўцы сцюартаў для адной літоўскай авіякампаніі. Таня пайшла на суразмову, прайшла ўсе этапы адбору і была запрошана на курсы. А сяброўка не прайшла… Таму што вельмі важным крытэрам адбору было добрае валоданне англійскай мовай – у сярэдзіне размовы прадстаўнікі кампаніі маглі знянацку перайсці на англійскую. Важным было і тое, як ты трымаеш сябе, як рэагуеш на розныя непрадбачаныя сітуацыі. З больш чым 20-ці чалавек адабралі 9.
Курсы падрыхтоўкі займалі каля двух месяцаў, пры гэтым паўтары месяцы былі прысвечаныя тэорыі: разглядалі шматлікія варыянты экстрэмальных сітуацый і планы сваіх паводзін, вывучалі канструкцыю самалёта і высвятлялі пытанне аб тым, чаму ён… лятае.
– Цяжка працаваць сцюардэсай?
– У гэтай справе трэба мець добрую падрыхтоўку, таму што ўсё не так проста, як падаецца на першы погляд і не так, як паказваюць у стужках. Менавіта тэлебачанне і кіно фарміруе ў людзей такое ўяуленне аб рабоце сцюардэсы: носіць каву-ежу ды ўсміхаецца.
Дарэчы, і ў Таццяны было прыкладна такое ж уяўленне. Але праца сцюардэсы гэтым толькі пачынаецца. Галоўнае ж – бяспека пасажыраў. За 45 хвілін да пачатку рэйсу сцюардэсы правяраюць салон самалёта на наяўнасць падазроных аб`ектаў. У часе палёту гаспадыні салону займаюць цэнтральнае месца, бо менавіта са сцюардэсамі кантактуюць пасажыры, менавіта ў іх просяць дапамогі, і менавіта ад іх прафесіяналізму залежыць, наколькі прыемнымі альбо цяжкімі будуць гадзіны, праведзеныя ў небе.
Пасля прылёту на месца прызначэння таксама адбываецца праверка салона. І не толькі на наяўнасць чагосьці падазронага, але і на выпадак, калі пасажыр забыў тут свае рэчы. А такое здараецца даволі часта.
– Наш экіпаж складаецца з 5-6 чалавек, з якіх абавязкова – 3 сцюардэсы. Самалёт разлічаны на 120-150 пасажырскіх месцаў, таму на кожную з нас прыходзіцца каля 40 пасажыраў. Сама разумееш, што гэта даволі складана, таму што кожнаму пасажыру патрэбная ўвага, а камусьці і дапамога… Тым больш тым, хто ляціць упершыню.
А вось пра якія асаблівасці сваёй прафесіі распавяла Таццяна.
Аказваецца, у тых прафесіях, якія звязаны з самалётамі, існуе свой… алфавіт – асаблівае вымаўленне лічбаў ад 1 да 9 па-англійску і літар алфавіту. Пры аварыйных сітуацыях капітан самалёта пачынае размаўляць з дапамогай гэтага алфавіту. Яго нельга ні з чым зблытаць, яго ведае ўся авіяцыя, у тым ліку і сцюарты: валоданне ім – абавязак.
Абавязковая частка спецыяльнай формы – гадзіннік на руцэ, які павінен быць нейтральнага колеру, з усімі лічбамі і з секунднай стрэлкай. Сцюардэсы – твар авіякампаніі, таму абавязковымі з`яўляюцца макіяж і манікюр. Калі ты не паспела накрасіць павейкі, цябе не тое каб увогуле на самалёт не пусцяць, але адвядуць убок і настойліва папросяць выправіць сваю памылку.
>
Звычка да вышыні…
Было вельмі цікава паслухаць пра розныя гісторыі, якія здараюцца на борце. І пра такія нюансы, як розная ежа для кожнага з пілотаў – калі раптам адзін атруціцца, то другі будзе здаровы і зможа пры неабходнасці замяніць калегу. Таццяна – рамантык, таму на пытанне: «Чым для цябе з`яўляецца твая праца?» – адказала вельмі паэтычна:
– Для мяне мая праца – гэта не проста работа, а нешта вельмі блізкае і роднае: гэта і добрыя сябры, і незвычайныя сітуацыі, якія пазбаўляюць ад руціны. Гэта і кантакт са шматлікімі людзьмі, назіранні за чалавечымі характарамі і лёсамі. Я, дарэчы, пазнаёмілася на борце са сваім каханым… Непаўторнае пачуццё, калі ляціш у бязмернай блакітнай прасторы, а ўнізе – белы дыван з аблокаў!