Кветкі – жанчынам, правы – дзецям!
Даць маленькае інтэрв’ю мне згадзілася адказная работніца Камісіі па правах дзіцяці па Гродзенскай вобласці Людміла Уладзіміраўна Лебедзева.
– Чым займаецца вашая арганізацыя? Ці патрэбна яна ў наш час?
– Галоўная мэта арганізацыі – уладкаванне дыялога паміж дзецьмі і іх бацькамі. На самой справе дарослыя, калі навучаюць сваіх дзяцей, часта забываюцца пра тое, што яны самі былі малымі. Яны не хочуць выслухаць дзіця, таму што лічаць сабе разумнейшымі. Яны нават не думаюць, што ў дзіцяці ёсць свой унутраны свет, свой позірк на мір, свае думкі. Таму і ўзнікаюць вечныя пытанні «бацькоў і дзяцей». Такія праблемы ёсць ва ўсіх, але ў некаторых яны ставяцца вельмі востра. Бываюць такія абставіны, што кампраміс яны ўжо самі не могуць знайсці.
– Хто да вас прыходзіць: дзеці ці дарослыя?
– Усё залежыць ад пытання. І дзеці і дарослыя прыходзяць аднолькава часта.
– Чым вы дапамагаеце дарослым?
– Магу расказаць на канкрэтных прыкладах. Прыйшла да нас аднойчы жанчына. Дачка яе бальная црэбральным паралічом. Бацька сям’ю кінуў, калі даведаўся пра хваробу дачкі. Дзяржаўная пенсія – 300 тысяч рублёў. Пасля ўсіх выплат на жыццё заставалася 80 тысяч рублёў. Жанчына прасіла дапамгчы ёй з працай… Дапамаглі. А яшчэ быў такі выпадак. Патэлефанаваў малады чалавек з такім пытаннем: жонка нарадзіла дома, але везці дзіця ў радзільны дом яны не хочуць, таму што маюць дрэнны вопыт пасля нараджэння першага. Але па нашым заканадаўстве дзеці павінны нараджацца толькі ў радзільных дамах, такім чынам выходзіла, што дзіця ўвогуле «не існуе». Вось мы і шукалі выхад з такіх абставін. Галоўны ўрач радзільнага дому сам нават не ведаў, што рабіць. Ну, тады ўсё вырашылася добра: у дом да маладой сям’і прыязджалі педыятары, праводзілі ўсе стандартныя працэдуры і пацвердзілілі факт нараджэння. Часта прыходзяць нават суседзі, расказваюць пра тое, што бацькі не добра ставяцца да дзяцей.
– А што просяць дзеці?
– Дзецям больш складана, чым дарослым. Дарослыя могуць прайсці ў розныя дзяржаўныя ўстановы, а дзеці, пакуль ім няма 18 гадоў, юрыдычна амаль бяспраўныя. Усё, што яны могуць атрымаць – гэта размову са школьным псіхолагам. Але дзеці не любяць іх чамусьці, можа таму, што баяцца расказваць настаўніку пра свае турботы. Часцей за ўсё дзеці скардзяцца на п’янства бацькоў, на адсутнасць ўзаемапаразумення з настаўнікамі, на даўленне з боку дарослых. Часта дзеці проста хочуць знайсці падтрымку ў кім-небудзь. Нашая мэта дапамагчы маленькаму чалавеку знайсці выйсце з любых жыццёвых абставін, навучыцца жыць ў дарослым свеце. Мы дапамагаем вырашыць розныя сацыяльныя пытанні, канфлікты дзяцей з законам. Яшчэ мы дапамагаем знайсці дзецям працу, калі яны просяць. Не было яшчэ такіх пытанняў, на якія мы не змаглі даць адказаў.
– Пры дапамозе якіх метадаў вы ажыццяўляеце сваю працу?
– Гурткі, трэнінгі, размовы, аналізы пачуццяў, думак. Увогуле мы займаемся тым, чым некаторыя бацькі нават не цікавяцца.
– І шмат да вас прыходзіць людзей?
– Так, зараз шмат. Грошай няма ні ў кога, а турбот шмат.
– Як вы ставіцеся да сваіх «кліентаў»?
– Я люблю працаваць з дзецьмі. Дзеці – разумныя, радасныя, вясёлыя, цікавыя. Можна ад іх калі-некалі пачуць такое, аб чым нават ніколі не задумваешся. Яны адкрытыя, і ў іх галаве яшчэ няма шмат таго непатрэбнага, што ёсць у нас. А яшчэ я люблю сваю працу за тое, што я адчуваю карысць, якую я даю маленькім людзям. І людзі мне ўдзячны.
Калі ў вас ёсць якія-небудзь пытанні ці праблемы, вы заўсёды можаце звярнуцца ў «Камісію па правах дзіцяці», якая знаходзіцца ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі. Але лепш, каб такіх пытанняў у вашым жыцці нават не ўзнікала!
Наста Аўдзей