Як пытанне пра БАДы адкрыла мне вочы на агульны страх

З блакітнага экрану на мяне глянуў натхненны тварык «савецкага» хлопчыка, які даволі ўпэўнена распавядаў пра патрэбу пабудаваць новую лякарню. Як лязом урэзаліся яго словы: «Медыцына – гэта магутная сіла». Паколькі я не аматар савецкай рыторыкі, зноў націснула на гузік пульта. На гэты раз на мяне «накінулася» рэклама сучаснай народнай медыцыны – біялагічна актыўных дадаткаў да ежы (БАДаў). Я здалася і вярнулася да прагляду кепскага выступлення біятланістак.

 

Аднак з галавы не ўцякалі выявы маленькага хлопчыка, які верыў у моц медыцыны, і дарослых людзей, якія ласуюцца БАДамі. І хто насамрэч мае рацыю – дзіця ці дарослыя? З пытаннем, ці могуць БАДы дапамагаць або замяняць лекі, я вырашыла звярнуцца да спецыялістаў. Спачатку пайшла лёгкім шляхам, звярнуўшыся да тэрапеўта з участковай паліклінікі.

 

Сустрэлася з вопытным доктарам хутка і без праблемаў. Як журналістку, мяне прынялі праз пяць хвілін. Але яшчэ хутчэй развіталіся.

 

Доктар прыняла мяне адносна цёпла, аднак на слова «БАДы» злажыла рукі і акругліла вочы: «З БАДамі не працуем». Зразумела – паліклініка працуе з лекамі. Але ў адказ на просьбу распавесці «як спецыяліст», я пачула: «Ідзіце да галоўнага ўрача і папрасіце дазволу».

 

З галоўным урачом я сустрэлася на наступны дзень. Як і ўчора, я хутка трапіла ў прыёмную і яшчэ хутчэй з яе выляцела. Дазвол на размову са спецыялістам я не атрымала. Не атрымала і каментара, чаму… Затое мяне адаслалі ў Цэнтральную паліклініку.

 

Я была ў шоку, і не разумеючы, што ад мяне скрываюць, усё старалася растлумачыць сутнасць майго простага пытання. Каго ці чаго так баяцца дактары? Маладой журналісткі? Спачатку падалося – не, паўсюль я трапляла без праблемаў. Тады –страх выклікае пытанне пра БАДы? Немагчыма, гэта ж звычайная парада… Добра, пайду туды, куды паслалі.

 

Упэўненая, што ў скуры журналіста ўвасоблены д’ябал, я апынулася ў Цэнтральнай паліклініцы. Тут справы пайшлі трохі іншым шляхам: прыёму я чакала доўга, затое паразмаўляла даўжэй.

 

Спачатку суразмоўцы паведамілі, што не дазваляюць выкарыстоўваць сваі прозвішчы ў публікацыі і растлумачылі – яны баяцца, што нашае выданне за мой артыкул патрапіць у суд, і ў іх будуць непрыемнасці. Хто, чаму і за што будзе падаваць на нас у суд, дактары таксама ведаюць: вытворцы БАДаў за крытыку іх прадукта. Я ўздыхнула з палёгкай – справа не ў д’ябальскай журналісцкай скуры, а ў міфічна-гіпатэтычных судовых цяжбах.

 

Штосьці я ўсё ж такі празнала: дактары не рэкамендуюць ужываць БАДы, паколькі самі давяраюць лекам і працуюць з імі. Лекі маюць значную перавагу – іх усебакова тэсціруюць і вынікі гэтых тэстаў прызнаюцца цэлымі фармакалагічнымі камісіямі. БАДы не праходзяць даследаванняў. Дакладней – мае суразмоўцы нічога не ведаюць пра тое, каб праводзіліся сур’ёзныя тэсты або існавалі вынікі даследаванняў, якія б былі прызнаныя ў медыцынскім «свеце». Таму БАДы для іх – нейкая таямніца. Паколькі няма доказаў іх «паспяховасці», дактары ставяцца да іх скептычна.

 

Дзеля шчырасці адзначу, што нельга наракаць на дактароў за нядобразычлівасць. Яны самі пералічылі пытанні, на якія адкажуць з здавальненнем: здароўе жанчын, палітыка ўлады ў вобласці аховы здароўя грамадства, барацьба з п’янствам праз забарону спажываць піва ў грамадскіх месцах.

 

Высветлілася, што БАДы існуюць як ежа, а не як лекі. Але чамусьці ў Беларусі іх можна набыць у… аптэцы (існуе спосаб і «з рук у рукі»). У краінах ЕЗ яны прадаюцца або ў краме, або ў прадстаўнікоў. Мне стала цікава, чаму ў Гродна не-лекі рэалізуюцца ў аптэках. І зноў з пошукам адказу прыйшлося не лёгка. Нарэшце, у «Адвантфарме» мне распавялі – БАДы – гэта выняткі з лекаў і таму яны лічацца лекавай прадукцыяй. Кожны прадукт, які прадаецца ў аптэках, мае адпаведную сертыфікацыю. І зноў я нічога не зразумела…

 

Яшчэ ў Польшчы я сустракалася з супрацоўнікамі кампаніі «Гербалайф», якая прадае сваю прадукцыю па ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі. Менавіта яны мне растлумачылі, што БАДы – гэта ежа, а не лекі. У іх склад уваходзяць толькі натуральныя кампаненты і іх рэкамендуюць як дапаўненне да нашай дыеты. Па іх словах, «сярэдні» чалавек у сваім харчаванні мае недастаткова вітамінаў і мінералаў. Менавіта БАДы павінны папаўняць іх недахоп, і праз свае вітамінныя якасці яны не толькі ахоўваюць нас ад хвароб, але і дапамагаюць пазбавіцца ад некаторых праблемаў. Напрыклад, спыніць крывацёкі з носу ці паўплываць на зніжэнне вагі.

 

Шчыра кажучы, мяне турбуе галоўнае пытанне: «Хто гэта – супрацоўнікі «спецыялізаваных» фірм, якія складаюць нашу дыету і падбіраюць да яе БАДы? Ці ёсць у іх медыцынская адукацыя?». Мне, напрыклад, давялося размаўляць са студэнтам-робататэхнікам, магістрам паліталогіі і няздзейсненымі бізнесменамі.

 

Я страціла шмат часу, каб даведацца, што словы «Добры дзень, я журналіст…» адчыняюць многія дзверы, але не заўжды дапамагаюць здабыць дасканалую інфармацыю. А трапіўшы на Гарадзенскі форум у Інтэрнэце, за 15 хвілін даведалася пра тое, што і сама зразумела: кожны цвярдзіць сваё і пярэчыць іншым.

 

Ёсць і яшчэ адзін вельмі цікавы для мяне вынік! Няхай я не даведалася пра БАДы, затое ўласнымі вачыма ўбачыла, як у Гродна будуецца піраміда боязу. Чым пасада больш высокая, тым боязь мацнейшая і, здаецца, больш ірэальная. Пайду цяпер падумаю, адкуль бярэцца гэты страх.