Жыллёвая адысея сучаснага студэнта

|

У пошуках адпаведнага «інтэр’еру»

Спачатку выбіраем самы танны спосаб пошуку – аб’явы ў сеціве і газетах. І тут становіцца зразумела, што манапалістам ў гэтай справе з’яўляюцца агенцтвы. Вядома, пакойчык у пенсіянераў яшчэ можна знайсці, але патрэбна аператыўнасць. Без яе вы так і праз месяц не знойдзеце жыллё. Як толькі ўбачылі добры варыянт, адразу тэлефануйце. Чакаць нельга!

 

Калі спадары прапануюць вам паглядзець пакой і ён вам падыходзіць, адразу прапаноўвайце задатак (бярыце з сабою на сустрэчу 10-20 даляраў).

 

Пакуль будзеце ездзіць па адрасах, убачыце шмат «шэдэўраў» сучаснага інтэр’еру. Не палохайцеся, калі трапіце нават у «прытон». Проста хуценька развітайцеся… Прыехала аднойчы на кватэру, а там – «аднушка», і гаспадыня з дзіўнай прапановай: «Я буду жыць на кухні, а табе аддам пакой. Нічога, у мяне тут і раскладанка ёсць».

 

Знайсці сапраўднае жыллё можна. І не саромейцеся папрасіць паказаць пашпарт (на конт прапіскі), пытайцеся пра ўсё дэталі. Спадары ж таксама нібы «вывучаюць» вас.

 

Памятаю і такі выпадак: мы з сяброўкай дамовіліся з гаспадыняй і нават далі ёй задатак. Праз дзень яна патэлефанавала і паведаміла, што не будзе здаваць нам пакой і прызналася ў прычыне сваёй адмовы. Да яе прыйшоў нейкі тоўсты «кашалёк», які даў ёй больш «зялёных». У гэтых несумленных гаспадынь вялікі выбар, таму яны шукаюць сваю выгаду і іхняя дамова нічога не каштуе. Такіх людзей, на жаль, шмат.

 

Занадта ініцыятыўная гаспадыня

Я і мая знаёмая знайшлі пакойчык у вялікай чатырохпакаёвай кватэры з гаспадыняй. Першы тыдзень прайшоў спакойна і без ахвяр. Але прыгоды пачаліся пазней… Галоўнай прыгодай была сама… гаспадыня. Чалавек – непросты; усё жыццё працавала ў сферы адукацыі. Таму цэлымі днямі вучыла-павучала нас, што лічыла нібы сваім абавязкам для грамадства.

 

У спадарыні пачалі з’яўляцца дзівосныя ініцыятывы: кожны дзень у нашым пакоі адбываліся метамарфозы – кнігі, тумбачкі, адзенне змянялі месца свайго размяшчэння. Пасля з’явіўся стол, які загароджваў уваход у пакой. Аднойчы адбылася цікавая гісторыя: кудысьці знікла дарагая талерка з сервізу. Гаспадыня пачала прыватнае даследаванне. Яна была ўпэўненая, што мы выкралі цуда-талерку і доўга папракала нас у гэтым злачынстве.

 

Пасля на поле бойкі падцягнуліся няўрымслівыя суседкі. Гэтыя людзі нічым не займаліся, акрамя таго, што чухалі сваімі д’ябальскімі языкамі пра ўсіх жыхароў дома. Нашае знаходжанне – новая тэма для размоваў. Там панавалі свае сенсацыі і інтрыгі. А нашая псіхіка змагла вытрымаць у гэтым інфармацыйным полі толькі тры месяцы. Мы пачалі шукаць новае месца свайго пасялення.

 

Сакрэты недобрасумленных рыэлтараў

Цяпер нашай мэтай была аднапакаёвая кватэра без гаспадароў. Спачатку мы пералапацілі аб’явы ў газетах і інтэрнэце. Безвынікова! Або: «Ужо здалі», або «Лепш смерць, чым гэтыя студэнты-вар’яты». Пайшлі ў рыэлтарскае агенцтва.

 

Ёсць два віды агенцтваў: па факце засялення (аплачваеце за паслугі агента пасля засялення) і звычайныя (спачатку грошы – потым праца, гэтыя танней). Мы пайшлі да звычайнага агенцтва, бо ў кішэнях і так былі дзіркі, але ж потым вельмі пашкадавалі. Мая парада: добра чытайце ўсе тыя паперкі, якія вам даюць на подпіс у агенцтве.

 

Знайсці аднапакаёўку для студэнтаў усё ж магчыма. Кожны дзень агенты нам давалі нумары гаспадароў кватэр. І мы аператыўна тэлефанавалі па ўсіх нумарах. «Хто? Студэнты? Ніколі!» – звычайна чулі мы. Тут Фартуна згуляла з намі дрэнны жарт. Нам пагадзіліся здаць кватэру, але ў самы апошні момант выказалі свае глубокія спачуванні і адмовілі… Вы не паверыце! Мы на сваіх умовах упрасілі спадара, які спачатку наадрэз не хацеў здаваць кватэру студэнтам і прасіў заплаціць за паўгады наперад.

 

Трэба ведаць, што агенцтвы маюць свае сакрэты. Добрыя варыянты кватэр на віртуальных старонках некаторых агенцтваў – гэта толькі рэклама. На самой справе гэтыя «добрыя варыянты ўжо даўно здалі, ці яны не існавалі ўвогуле. У пошуках жылля патрэбная ўвага, аператыўнасць і ўменне ўпрошваць. Памятайце, што ніколі не трэба чапляцца за адзін варыянт…

 

Такая вось «дольча віта» ў студэнта. Дзе толькі ён не бадзяецца, пакуль дачакаецца свайго месца ў інтэрнаце.

Ілюстрацыя http://subscribe.ru