Сціплыя магчымасці першага аўтасалона
Заяўляўся ўдзел 35 арганізацый: вытворцаў і пастаўшчыкоў аўтамабіляў (у тым ліку і грузавых з прычэпамі і паўпрычэпамі), аўтазапчастак і аксэсуараў, ахоўных прылад і дыягностыкі, аўдыё- і радыётэхнікі, лізінгавых і страхавых кампаній. На справе ж былі прадстаўленыя 16 легкавых аўто (адна з іх «сышла» да пакупніка ў першы ж дзень); у якасці запчастак (або аксэсуараў?) прадстаўленыя… шыны; практычна адсутнічае аўдыё- і радыётэхніка; няма грузавікоў ні з прычэпамі, ні без іх…
Увогуле, заяўка, калі і выкананая, то прыкладна на 30%. Магчыма, цягам тыдня далучацца кампаніі, якія прадставяць сістэмы навігацыі, паслугі па пракаце і г.д. Але ў цэлым, першы аўтамабільна-выставачны «блін» замяшаны відавочна на вадзе і без дадання неабходных інгрэдыентаў.
Справядлівасці дзеля, можна сказаць, што аматары навінак усё ж такі пазнаёміліся з новымі мадэлямі Mitsubishi, Peugeot, Kia, Chery, Ford, Mercedes (мікрааўтобус).
Арганізатар «Гродна Аўта-2010» – сталічнае ТАА «Эксібішн сістым». Выстава праходзіць па вул. Камунальнай 3, ЦСК «Нёман» (лёгкаатлетычны манеж), час працы: з 11.00 да 19.00, 7 сакавіка – з 11.00 да 15.00.
Фота prosto_free