Паліцэйскі рэалізм у перадвясновай казцы

|

Калі б у нашым з вамі каханым горадзе хапала міліцыянтаў для таго, каб атачыць месца правядзення свята ў трайное кола, безадкладна гэтая задумка была б ўвасоблена ў жыццё. Не гледзячы на такую «недарэчнасць» арганізатарам народнага гуляння атрымалася захаваць, як бы мовіць, парадак і дысцыпліну.

 

Сакрэты гэтага бясспрэчна фенаменальнага поспеху не бліскацяць арыгінальнасцю і крыху прадказальныя: без біноклю відаць, што шчыльнасць супрацоўнікаў МУС у лесапарку перавышала ўсе дапушчальныя нормы. Пры больш дасканалым угляданні было бачна, што міліцыянераў не проста шмат…

 

Блакітныя шэрагі АМАПаўцаў з дубінкамі ў руках барознілі натоўпы гараджан. На сцежцы здароўя, каля домікаў-альтанак, у любым бачным і не вельмі бачным месцы нястомна дбалі групы з трох-чатырох (нават і больш) ахоўнікаў парадку. Іх немагчыма было не заўважыць: шэра-сінюю субстанцыю міліцыянераў можна адрозніць ад стракатага натоўпу звычайных смяротных здалёк.

 

Бяспека, вядома, справа сур’ёзная, але няўжо немагчыма было зрабіць так, каб нагляд за парадкам не быў такім кідкім і дакучлівым? Відаць, па меркаванні гарадской улады, бяспека залежыць толькі ад колькасці міліцыянераў на квадратны метр. Дзякуючы гэтаму, да асноўнай праграмы свята нечакана і непрыкметна далучылася дэманстрацыя сілы і пышнасці гродзенскай міліцыі. Спытаемся: «Перад кім?». Здагадацца не цяжка.

 

Усё вышэйпералічанае – толькі ўверцюра да гратэскнай оперы. Напружаная кульмінацыя чакала нас на міліцэйскім кардоне(!), які перагароджваў шлях у цэнтр Пышкоў, дзе, уласна, і адбывалася свята. На кардоне маладое пакаленне міліцыянераў (судзячы па выразам іх твараў – учорашнія гопнікі) «ласкава» абмацвалі нам кішэні, курткі, зазіралі ў партфелі. Правяралі, як патэнцыяльных злачынцаў. Не-не, бяспека па-ранейшаму – перш за ўсё, але паміж аховай парадку і ліхаманкавай паранояй павінна быць выразная мяжа.

 

Ці патрэбна гэта самім міліцыянерам? Складана сказаць. Адныя ўсім сваім выглядам уяўлялі жаданне адпачыць замест таго, каб пхацца ў натоўпе. Іншыя ставіліся да надзору за святочнымі масамі як да шэрабудзённай руціны. А ў некаторых на твары было напісана, што яны з вялікай радасцю парвуць табе глотку па першым сігнале: свідруючы цябе бычыным позіркам, у глыбіне душы яны шкадуюць, што ты не тэрарыст. АМАПаўцы і тыя хлапцы-малайцы з кардону з задавальненнем паказалі б табе, як і за што трэба любіць Беларусь, цешачыся сваёй недатыкальнасцю і беспакаранасцю, як дзеці.

 

Думаю, годзе пра журботнае, трэба сказаць і пару цёплых слоў, як-ніяк было свята. Але відовішчная напышлівасць імпрэзы была не зусім тоесная настрою грамадзян. Шматлікія конкурсы, лыжня, спевы і іншыя радасці… Але чаму весялосць і жыццярадаснасць адных перамяжоўвалася нудой і незацікаўленасцю іншых? Я запытаў у некалькіх дзяўчат, магчыма, студэнтак, ці падабаюцца ім гулянні. «Нам неяк усё роўна. Каб у каледжы нас не прымусілі ісці, нас бы тут і не было», – невясёла прагучаў адказ.

 

Прымусілі студэнтаў, прымусілі настаўнікаў, прымусілі школьнікаў, прыстрашыўшы: «Не пойдзеш – будуць праблемы з дырэктарам». Хтосьці сапраўды прыйшоў павесяліцца і адпачыць, а кагосьці загналі на свята пад прымусам, нібы жывёліну, і яму ўжо не да смеху. Спевы дзейнічаюць на нервы… Лыжы затрымаліся у снезе, які напалову растаў… Дым ад гарэння пудзіла зімы раздражняў вочы…

 

Ражаная працэсія маркотна плялася, маркотны дзядзька з кіслай мінай маркотна мэнчыў скавычушчы гармонік. А суровая міліцэйская рэальнасць не дадавала фарбаў у не вельмі яскравую карціну. Жоўтая смеццевая скрыня з надпісам “Я съем ваш мусор!» намякала на сапраўднае месца некаторых прадстаўнікоў гарадзенскай супольнасці.

 

У рэшце псеўдавясёлы натоўп ламануў з пункту А ў пункт Б (паводле задумы сцэнару), ледзь не топчучы адзін аднаго. Частка людзей нагадвала дзікуноў, якіх доўга трымалі ў няволі, і раптам выпусцілі глытнуць свабоды. І можа я памыляюся наконт колькасці міліцыянераў? Можа нам столькі іх і патрэбна?