Каму – «батон», а каму – «зялёных» вагон

|

Што можа быць вясёлага ў нашай медыцыне? Паглядзіце, на чым ездзіць нашая «хуткая». У малых мястэчках – гэта ў лепшым выпадку Газэлі (яны дарэчы зробленыя на платформе грузавікоў), часцей – «батоны» УАЗ. Адзін фельчар з «хуткай», што наматаў не адну тысячу па аддаленых вёсках, пералічвае перавагі «батона»: пройдзе паўсюль (фактычна джып), запчасткі танныя, машына зробленая пад мой малы рост.

 

Карацей, не наракае медык. Не падумайце, што я зусім фаталіст, але тут я бачу суцэльную драму: па разваленай дарозе паўзе «батон» з хворым на борце, побач з ім у форме літары «зю» сядзіць доктар. «Батоны» ламаюцца так часта, што нават ён ведае, што запчасткі адносна танныя.

 

Пры гэтым скарачаецца фінансаванне службы аховы здароўя – сёлета медыкі атрымаюць на 100 мільёнаў даляраў менш, чым летась. Сто мільёнаў, або – 20%. Няўжо ўзамен удалося прыцягнуць дапамогу з-за мяжы на мадэрнізацыю? Вырашана скараціць штат чыноўнікаў ад медыцыны? Дзе там! Будзе менш бензіна для «батонаў», не будзе росту заробкаў для сталых пасажыраў гэтых цудоўных аўто.

 

Эканомім і на пацыентах – напрыклад, дзяржава больш не аплачвае лячэнне хворых на гепатыт С. Маўляў, нідзе на пост-савецкай прасторы не аплачваюць. Ідыёцкі аргумент плюс цудоўная эканомія: курс лячэння каштуе каля 20 мільёнаў рублёў. Штогод заразу падхоплівае 2 тысячы беларусаў. Калі памножыць атрымліваецца 40 000 000 000. Шмат нолікаў, праўда? Гэта 13 мільёнаў долараў, прыкладна палова той суммы, якую ўкладальнікі бюджту «дакінулі» органам унутраных справаў. Вядома ж, бяспека такога арганізму як дзяржава лічыцца нашмат важнейшай, чым гэтых няпоўных 10 мільёнаў арганізмікаў.

 

Я толькі не магу зразумець аднаго – чаму ў адных грошай нібыта шмат і яны працуюць кепска, а ў іншых іх мала і яны працуюць добра? Прыклад: выбух у Менску 3 ліпеня. Сотні людзей трапляюць у шпіталі – хто з рванымі ранамі да касці, хто з драпінкамі. Усім аказваюць дапамогу, кожнага ратуюць, каго – зашываюць, а каго – мажуць зялёнкай і адпраўляюць дахаты.

 

Праваахоўнікі бяруцца за сваю частку справы не менш самаадана: мільён беларусаў вымушаныя былі здаць адбіткі пальцаў. Сотні – сядзець на допытах толькі таму, што ім у школе падабалася хімія. Але вынік – нулявы. Бо гэта тое ж самае, калі б дактары пачалі ездзіць «батонамі» па вуліцах, лавіць мінакоў і кожнага мазаць зялёнкай – раптам сярод іх трапіцца паранены з плошчы? Але з дактароў усе б смяяліся. А з міліцыі – ніхто не смяецца. Бо нясмешна чамусьці. З днём міліцыі!