Ідзі за белым трусікам
Самая вядомая
align=”left” >Экранізацыя, якую добра памятае кожны з нас, паўстала ў 1981 годзе на кіеўскай кінастудыі. Натуральна, я маю на ўвазе вядомую і надзвычай папулярную «савецкую» Алісу. І хаця я далёкі ад праслаўлення «нашых» толькі за іх «нашасць», што часта робяць з нібыта правільным Віні-Пухам, нельга адмовіць гэтай анімацыі ў выбітнай якасці.
Плюсамі фільму была не толькі арыгінальная стылістыка і колеры, якія надта пасавалі да фантазіі Кэрала, але і цікавае тэхнічнае рашэнне і добрае музычнае суправаджэнне.
А праз год рэжысёр Яфрэм Пружанскі экранізаваў працяг – кнігу «Скрозь Люстэрка, і Што ўбачыла там Аліса», дзе стварыў цудоўны, кранаючы вобраз Белага Рыцара, якога агучыў Мікалай Карачанцаў.
Заморская
Заходнія буржуіны не аднойчы браліся за маленькую светлавалосую дзяўчынку. Першы фільм пра Алісу паўстаў ужо ў 1903 годзе ў Вялікабрытаніі. Ён доўжыўся каля 11 хвілін (да сёння захавалася толькі 8), меў некалькі спецэфектаў і выклікаў ажыятаж параўнальны з сённяшнімі блокбастэрамі.
Тэма Алісы аказалася папулярнай (і напэўна прыбытковай), таму не дзіўна, што паўстала каля 20 адаптацый: сярод іх кіна- і тэлефільмы, анімацыі і мюзіклы. Умельцы знялі нават порна-мюзікл!
Але найбольшую вядомасць мае дыснэеўская Аліса, якая ад 1951 году не губляе папулярнасці. Праходзячы праз усё новыя і новыя выданні (найбліжэйшае на DVD – 30 сакавіка), яна цікавая малым гледачам на працягу дзесяцігоддзяў. Дарэчы, яе вобраз у стужцы Дыснэя, створаны паводле арыгінальных малюнкаў першага ілюстратара кнігі Джона Тэніела, надоўга стаўся класічным у заходнім успрыманні. У галівудскага казачніка атрымаўся традыцыйна ўдалы дзіцячы фільм, які аднак моцна крытыкавалі за спрашчэнні, «амерыканізацыю» і залішнюю дзіцячасць. Але хвіліначку, гэта фільм для дзяцей!
Сярод іншых заходніх Алісаў варта яшчэ адзначыць кінастужку 1972 году з выбітным брытанскім зорным складам актораў (Пітэр Сэлерс у ролі Белага Трусіка) і тэлефільм 1999 году з выкарыстаннем лялек студыі Джыма Хэнсана. У ім таксама зняўся цэлы шэраг зорак, у тым ліку Вупі Голдберг у ролі Чашырскага Ката.
Жахлівая
Самую незвычайную і нават палохаючую экранізацыю зняў чэскі майстар сюрэалізму Ян Шванкмаер. У 1988 годзе ў фільме «Něco z Alenky» ён паказаў Краіну Сноў, уваход у якую не праз трусіную нару, а праз шуфлядку стала. Насельнікі Краіны – шкілеты жывёлаў, мёртвыя кавалкі наваколля, цвікі і смецце. Белы Трусік гэта толькі лялька, з якой сыплюцца апілкі. Хаця Шванкмаер ішоў дакладна па тэксце кнігі, яго Краіна Цудаў пужае, а не прываблівае, у ёй дамінуе распад, трывога і пустэча. Тэхнічна фільм, як і ўсё ў творчасці Шванкмаера, дасканалы. Спалучэнне пакадравай анімацыі і звычайных здымкаў, тыповае для дзіўнай творчасці чэха, дазваляе назваць фільм паўанімацыйным. Калі спадабаецца, раю зірнуць уважлівей у бок творчасці гэтага рэжысёра. Бо хто яшчэ мог бы зняць, напрыклад, гісторыю Пінокіё-людажэра?
Глыбіня трусінай нары
Гэта ўсяго некалькі найбольш важных і вядомых фільмаў паводле Люіса Кэрала. Ёсць мноства іншых, а таксама інспіраваных Алісай. Памятаеце, за кім меў ісці Нэа? А як называўся кампутар у першай частцы Resident Evil? Чакаюцца таксама новыя адаптацыі. Гэтак, ужо шмат год Мэрлін Мэнсан імкнецца зняць містычную стужку «Фантасмагорыі. Фантазіі Люіса Кэрала». Ці штосьці ў яго атрымаецца – цяжка сказаць. А вось на новы фільм Бёртана ісці безумоўна трэба. Бо гэта будзе супраўдны наркотык для вачэй і мазгоў. Дык да сустрэчы па тым боку люстра. І не забудзьце кальян.