«Куфэрак» цудаў у стылі жыцця

Калі мы нарэшце дазваніліся «Стылёвай» куфэрцы… Ой, кіраўніцы, вядома! Яна прапанавала (з-за недахопу часу) пра ўсё-ўсё распавесці па тэлефоне. Мы пагадзіліся з Вольгай Барысаўнай Баршчэўскай, і вось што ў нас атрымалася:

 

– Адкуль з’яўляюцца ідэі, які бізнес стварыць? Чаму менавіта такое агенцтва – па арганізацыі святаў?

– Ідэя з’явілася таму, што з’явілася патрэба ў якасных паслугах такога тыпу. Яшчэ да «Куфэрку Стылю» ў нас была кавярня, мы адчулі, што ёсць патрэба ў такіх святочных паслугах, агранізацыі фэстаў і адпачынкаў. Прычым, патрэба ёсць у прафесіяналах гэтага накірунку паслуг. Звычайнае правядзенне вольнага часу выглядае даволі нудна, нават алкаголь не дапамагае… Мы сталі прапаноўваць сваі варыянты, а пасля таго, як заўважылі поспех, вырашылі стварыць агенцтва.

 

– А назва – «Куфэрак Стыль» – выпадковая, ці асэнсаваная?

– Куфэрак – гэта адмысловая «скрыня», у якой захоўваліся родавыя каштоўнасці і перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Куфэрак гэты захоўваў не толькі каштоўныя рэчы, але і звязаныя з імі легенды, таямніцы, скарбы… Ну і таму, што наша мова – беларуская.

 

– На працягу якога часу «Куфэрак Стыль» цешыць сэрцы людзей сваімі неардынарнымі святамі?

– Дзесьці каля Новага году споўнілася 3 гады.

 

– А які-небудзь цікавы выпадак з практыкі…

– Паколькі ў нас шырокі профіль, мы ладзім святы і ў працоўных калектывах, і на карпаратывах, выязджаем на прыроду. Дарэчы, мы аддаем перавагу і прапаноўваем кліентам актыўны адпачынак: напрыклад, хадзіць на байдарках, калі гэта магчыма. Прапаноўваем ролевыя гульні на якую-небудзь тэматыку, дапамагаем з гарнітурамі і касцюмамі. І самыя цікавыя выпадкі здараюцца, калі ўдзельнікі ўваходзяць у вобраз і не хочуць з яго выходзіць. Мы ладзілі «сярэднявечныя» гульні з Робінам Гудам, гульні ў піянерскі лагер савецкіх часоў, гульні з каўбойскім каларытам – гэта актыўны адпачынак з рознымі змаганнямі.

 

– Сярод вашых кліентаў былі якія-небудзь вядомыя людзі, зоркі?

– Хутчэй наадварот, мы прапаноўваем цікавым людзям супрацоўнічаць з намі, аказваць паслугі нашым кліентам. Нашыя спажыўцы – гэта ў асноўным не вельмі вялікія арганізацыі (хаця зараз спрабуем выходзіць і на вялікую колькасць людзей). Зоркі дадаюць святочнага настрою!

 

– Ці маеце вы які-небудзь стандарт, шаблон, ці для кожнага свята плануецца свая праграма?

– Для кожнага свята мы рыхтуем праграму максімальна прыстасаваную да пэўнага калектыву. А шаблоны… Калі мы мінулым летам практыкавалі сярэднявечныя гульні з удзелам Робіна Гуда у кожнага заказчыка яны праходзілі па-рознаму. Нават скончваліся не абавязкова перамогай галоўнага героя. Людзі паводзяць сябе адпаведна таму, як яны думаюць і што адчуваюць… А самае цікавае і захапляючае, што яны не ведаюць, чым ўсё скончыцца.

 

– Вы калі-небудзь ладзілі вяселле па беларускіх традыцыях і звычаях?

– Так, безумоўна. Мы ладзілі вяселле выключна на беларускай мове, інтэр’ер таксама афармлялі. Нават саламяныя капялюшы выкарыстоўвалі, тканіны нацыянальныя… Музыка таксама гучала беларуская.

 

– А да каваля не ездзілі, сэрца не кавалі?

– І да каваля ездзілі, і сэрца кавалі. Выкарыстоўвалі нашыя нацыянальныя абрады.

 

– А зараз некалькі слоў да нашай газеты?

– Вашая газета мае назву «Твой Стыль», таму я жадаю, каб кожны знайшоў свой стыль, гэта было б вельмі добра, каб не капіравалі іншых, а адчувалі сябе індывідуальнасцямі ва ўсіх праявах, а таксама на ўсіх святах.

Ілюстрацыя http://mysite.by