Маляры дваравога кахання
«Нас мільёны, нас дахалеры» – гэта пра іх, мастакоў асфальтавага прызнання і падпад’езднай серэнады. Хутка і ступіць будзе недзе, каб не патаптацца па чыіхсьці ўзвышаных пачуццях. «Светик, прости меня!», «Евчик я люблю тебя, сладенькая!» і іншыя падобныя надпісы запаланілі мой ціхі спальны гоп-раён. Адчуваю сябе быццам у рэкламе мабільнай сувязі дзе «сынок уехал в город». Пасланні адрасаваныя не мне атачаюць з усіх бакоў. Засада.
Горш за нашую паўсюдную тратуарную плітку можа быць толькі яна ж з надпісамі. Хай бы гэта былі дзіцячыя малюнкі крэйдай – я люблю такое наіўнае мастацтва, якое ўносіць хоць троху колераў у прастору шэрых шматпавярховікаў. Але ж не, пад маім вакном ледзь не смс-рубрыка з вядомай вячэрняй газеты. Дзякуй ужо за тое, што на працу ЖЭС-аў ніхто не скардзіцца на асфальце. «Люблю тебя, Саша» накрэмзаў заўчора хтосьці. Нават троху крыўдна, што гэта не мяне так кахаюць чытачы.
align=”left” >З іншага боку, ці патрэбны мне такі фанат-зануда, няздольны да стварэння чагосьці больш арыгінальнага? Я, адэпт анарха-джазу, ска-блюзу, атанальнага хіп-хопу і індастрыял-фолк-соўлу, не надта зацікаўлены ў банальным услаўленні. Помнік з бляшанак ад піва і сола на тэрменвоксе – самае меншае, чаго я заслугоўваю. А калі я, дык тым болей кожная дзяўчына, да якой звяртаюцца гора-маляры.
Кажуць, дурны прыклад заразлівы. Яшчэ некалькі год таму гэты тэкст не мог бы паўстаць – маштабы тратуарнай шчадралюбнасці былі не такія. Ці хапала фантазіі на іншыя «подзвігі». Калі вяршыня магчымасцяў сярэднестатыстычнага маладога чалавека – набыць (спадзяюся легальна) слоік фарбы, то варта было б пастарацца ўвекавечыць штосьці арыгінальнае, нязвыклае, сваё. Няўжо не хочацца выдзяліцца сярод усіх гэтых Пецяў, Ваняў і Андрэяў? Вядома, надпіс робіцца хутка, дрыготкай рукой і гарачым сэрцам, у цемры пабітых ліхтароў, але ці ж замінае гэта адкінуць шаблон? Дарэчы, чарговы спосаб зарабіць: выдаць зборнік лепшых напісаў пад вокнамі. Прадаюцца ж «СМС для парней», «100 лучших СМС на День Рождения», «СМС для ленивых влюбленных». І, на жаль, іх нехта купляе.
Канешне, мы ўжо далёка адышлі ад штодзённасці каменнага веку з ягонай традыцыяй абмяжоўваць стасункі з бліжнімі да сутыкнення дубіны і галавы. Хаця я чамусьці і так занадта часта сустракаю навокал людзей злых і пячорных. Відаць клімат у нашых шыротах такі ды і сродкі не надта дазваляюць разысціся, калі абсалютна кожнае тэлешоў мае ў канцы пазнаку буржуінскай ліцэнзіі, паловы меню ў бары ніколі няма, а асфальтныя мача апынаюцца клонамі адзін аднога.
Падсумуем. Спосабаў прызнацца ў каханні процьма, гэтаксама як і спосабаў папрасіць прабачэння. Сярод іх поўна такіх, што мяне не раздражнаюць. Пачытайце троху кніжак, паглядзіце добрае кіно, распытайце сяброў. І зрабіце цалкам па-свойму.