Форум грамадскіх ініцыятыў Гарадзеншчыны
Гэта першая такога кшталту сустрэча грамадскіх актывістаў рэгіёну за апошнія 5 год.
Гарадзенскі грамадскі сектар падыёшоў да яе моцна саслабленым. На прыцягу апошніх гадоў былі ліквідаваныя многія актыўныя раней арганізацыі. Новыя арганізацыі амаль не рэгіструюцца. Многія з прысутных на сустрэчы грамадскіх актывістаў спазналі на сабе рэпрэсіі з боку дзяржавы.
Лібералізацыя, пра якую так часта гавораць сёння ў Беларусі, не натхняе пакуль актывістаў грамадскага руху. Так, актывіст антыядзернай кампаніі з Астраўца Мікалай Уласевіч у сваім выступе заявіў пра неабходнасць рыхтавацца да працы ў яшчэ больш жорсткіх умовах. Прадстаўнік Фонду імя Льва Сапегі Ўладзімір Хільмановіч адзначыў, што “не верыць ў вегетарыянства ваўкоў, але і ў тых з надыходам старасці выпадаюць зубы ды блякне поўсць”.
Тым не менш, надзея на перамены ў грамадстве існуе і трэба выкарыстаць момант, калі ўлады дэкларуюць курс на лібералізацыю. Такую думку выказаў госць Круглага стала – вядомы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Удзельнікі Круглага стала плануюць абраць сёння дэлегатаў на 6-ю агульнабеларускую асамблею няўрадавых арганізацый і ініцыятыў, якая адбудзецца 6-7 сакавіка ў Мінску.
У павестцы дня сустрэчы таксама абмеркаванне злабадзённых пытанняў развіцця грамадскага сектару ў рэгіёне. У тым ліку – магчымых супольных дзеянняў па недапушчэнні пабудовы АЭС на тэрыторыі Гарадзеншчыны.
Фота Вітаўта Рудніка