Андрэй Хадановіч прачытае гарадзенцам дыктоўку

|

Дыктоўку ўжо традыцыйна ладзіць грамадскае аб’яднанне Таварыства Беларускай Школы, Гарадзенскі Рух за Свабоду і неабыякавыя да лёсу беларускай мовы гарадзенцы.

Для дыктоўкі абраны ўрывак з твора Уладзіміра Караткевіча, які прачытае Андрэй Хадановіч.

Пасля дыктоўкі паэт абяцае гарадзенцам літаратурна-музычную імпрэзу, а арганізатары – торцікі.

Сябра аргкамітэту Хрысціна Марчук: “ Мэта правядзення дыктоўкаі – прадэманстраваць салідарнасць з беларускай мовай і адно з аднымі.

Беларускамоўныя людзі і тыя, хто пакуль не карыстаецца мовай у паўсядзённым жыцці, але вывучае яе, прыходзяць, каб пабыць пазам, паслухаць песні і вершы.

Гэта ні ў якім разе не праверка ведаў, а прыгожы знак, каб паказаць, колькі нас, гарадзенцаў, якія любяць беларускую мову, шануюць яе”.

Як заўсёды, да дыктоўкі падрыхтаваныя фірмовыя бланкі і фірмовыя асадкі.

Арганізатары спадзяюцца, што салідарнасць з мовай 21 сакавіка прадэманструюць не менш гарадзенцаў, чым у мінулыя гады, калі на дыктоўкі збіралася каля 200 чалавек.

Дыктоўка распачнецца ў 12 гадзін па адрасе: Будзёнага 48а – 100 (зала ва ўнутраным дворыку).

Фота Андрэя Хадановіча з сайта http://www.vilka.by